Больш за 15 мільярдаў даляраў. Расійскі нафтагазавы грант Лукашэнку ў год нападу на Украіну быў рэкордным у гісторыі

Сума расійскіх датацый у 2022-м больш як у тры разы перавышала аналагічныя паказчыкі 2021 года.

30.03.2023 / 20:36

Эканамічная мадэль, збудаваная рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, адзіная ў сваім родзе. Яна грунтуецца на атрыманні ад Расіі нафты і газу па нізкіх цэнах узамен на русіфікацыю Беларусі і вайскова-палітычную падтрымку Расіі. 

«Мадэль адносін спрошчана можна апісаць так: «фінансава-эканамічная падтрымка абменьваецца на пэўную ступень палітычнай лаяльнасці з боку Беларусі», канстатаваў яшчэ ў 2017 годзе старшы эканаміст Raiffeisen Bank International па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Андрэас Швабэ.

Вылічыць памер штогадовага нафтагазавага гранту даволі проста. Аднак трэба ўлічваць нюансы цэнаўтварэння.

Параўноўваецца рынкавая цана нафты маркі Urals і цана, па якой Urals пастаўляецца ў Беларусь, і множыцца на аб’ём паставак.

Аналагічна з газам: сярэднееўрапейская гадавая цана параўноўваецца з сярэднегадавой цаной для Беларусі. Розніца і ўяўляе сабой ускоснае субсідыяванне беларускіх уладаў. 

Дакладныя падлікі расійскага нафтагазавага гранту праводзіў эканаміст BEROC Дзмітрый Крук. «Наша Ніва» ў сваёй калькуляцыі грунтавалася на яго метадалогіі.

Вынікі яго падлікаў у цэлым супадаюць з аналагічнымі лічбамі іншых аналітыкаў.

Так, Міжнародны валютны фонд ацэньваў агульную падтрымку беларускай эканомікі з боку Расіі за перыяд 2005—2015 гады на $106 млрд, або каля $9,7 млрд у год. У розныя гады аб'ём «агульнай чыстай падтрымкі» ад Расіі вар'іраваўся ад 11 да 27% беларускага ВУП, вынікае са звестак МВФ.

Загадчык сектара «Эканоміка і фінансы» расійскага Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў ацэньваў нафтагазавыя субсідыі за тыя ж гады на 89,8 мільярда даляраў, або ў сярэднім каля 8,1 млрд за год.

І першыя, і другія разлікі прыводзіў у сваім артыкуле расійскі партал РБК.

А вось што адбывалася з цэнамі на энерганосьбіты ў 2021 і 2022 гадах.

У 2021 годзе і ў пачатку 2022 года Беларусь плаціла 128,52 даляра за тысячу кубаметраў расійскага газу. Такая ж цана закладзеная і на 2023 год. У 2022 годзе Масква і Мінск перайшлі на разлікі за газ у расійскіх рублях, выніковая цана не агучвалася. У сакавіку згадваўся курс у 75 расійскіх рублёў за даляр у праламленні на цану расійскага газу. Пасля штучнага заніжэння абменнага курсу ў Расіі да 55—60 расійскіх рублёў за даляр цана газу для Беларусі дэ-факта вырасла. Аднак пасля афіцыйны курс расійскай валюты стаў зніжацца, і цяпер ён блізкі да вызначанага ў сакавіку.

Пры гэтым сярэдняя цэнтральнаеўрапейская цана газу ў 2022-м вырасла да касмічных 1128 даляраў за тону.

Што датычыць нафты, то ў 2021-м сярэднегадавая цана Urals на біржы складала $510,8 за тону, а для Беларусі — $453,5. З улікам аб’ёмаў гэта давала $1,06 мільярда субсідый.

У 2022-м сярэдняя цана Urals на еўрапейскім рынку склала $569,4.

Колькі ў 2022-м плаціла за нафту Беларусь?

Намеснік прэм’ер-міністра Юрый Назараў паведамляў, што аплата будзе праводзіцца ў расійскіх рублях, і цана на нафту «абсалютна камфортная», хоць выразы кшталту «абсалютна камфортная цана» не характэрныя для беларускіх чыноўнікаў.

«Мы адышлі ад формульнага цэнаўтварэння і плацяжоў за тону нафты, там гэта зразумела — у расійскіх рублях. Гэта значыць, тут пытанне такое нібы вырашана», — удакладніў Назараў.

Мы ў нашым разліку зыходзім з таго, што ў выніку цана нафты для Беларусі ў 2022-м прыкладна адпавядала цане ў 2021-м.

Даныя пра аб’ёмы паставак нафты і газу ў Беларусь да 2022 года ёсць. А вось дакладных звестак пра аб’ёмы паставак у 2022 годзе газу і нафты пакуль няма — і не факт, што яны з’явяцца, бо ўлады Расіі і Беларусі ўзялі курс на максімальнае ўтойванне статыстыкі з мэтай схаваць ухіленне ад санкцый. Аднак мы можам меркаваць пра аб’ёмы паставак і газу, і нафты з вялікай доляй дакладнасці. 

Так, аб’ёмы пастаўкі газу ў Беларусь за апошнія пяць гадоў, 2017—2021-ы, складалі ад 18,8 да 20,3 млрд кубаметраў. Мінімум — 18,8 — прыпаў на 2020-ы з кавідным дном эканамічнай актыўнасці. У 2021-м годзе Беларусь атрымала 19,8 млрд кубаметраў газу. Спажыванне газу хатнімі гаспадаркамі і прамысловасцю — даволі кансерватыўная велічыня, якая мала змяняецца з года ў год.

З улікам працы Беларускай АЭС, а таксама змяншэння аб’ёмаў прадукцыі прамысловасці мы лічым базавым сцэнар, што Беларусь у 2022-м закупіла каля 17 млрд кубаметраў, мінімальным — 15 мільярдаў, а максімальным — 19 мільярдаў. 

Што датычыць нафты, то тут аб’ёмы перапрацоўкі на беларускіх НПЗ істотна знізіліся ў выніку санкцый ЕС.

У 2021 годзе Беларусь атрымала з Расіі 18,5 млн тон, у 2020-м — толькі 15,2 мільёна (на пачатку таго года Расія абмежавала пастаўкі). Што да 2022 года, то Дзмітрый Круты, які на той момант быў намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер пасол у Расіі, казаў: «Аб'ём на ўзроўні гэтага [2021] года. Мэтавы сцэнар — гэта 16—17 мільёнаў тон».

У рэальнасці перапрацаваць удалося менш, бо ў выніку санкцый пачынаючы з сакавіка аб’ёмы перапрацоўкі сталі змяншацца.

У красавіку 2022-га прэм’ер Раман Галоўчанка казаў, што наваполацкі «Нафтан» у той момант перапрацоўваў 11,7 тысячы тон за дзень, Мазырскі НПЗ — 13,7 тысячы тон за дзень. Для параўнання: у «худым» 2020 годзе ў Мазыры было перапрацавана больш за 8,99 млн тон вуглевадароднай сыравіны, гэта значыць, прыкладна 24—25 тысяч тон за дзень.

Аднак пад чацвёрты квартал аб’ёмы перапрацоўкі зноў выраслі.

Нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан» выйшаў на бясстратную працу з чэрвеня 2022 года, паведамляў гендырэктар НПЗ Андрэй Сойка ў інтэрв'ю радыё «Нафтан». «У трэцім квартале выраслі і аб'ёмы продажу, і перапрацоўкі нафты. У верасні НПЗ перапрацаваў каля 380 тысяч тон нафты. План на кастрычнік — каля 570 тысяч тон», — казаў дырэктар.

«З улікам прынятых мер з верасня павялічаныя магутнасці па перапрацоўцы нафты», — казаў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пятро Пархомчык. Паводле яго слоў, у чацвёртым квартале планавалася перапрацаваць 3,9 млн тон нафты, што на 1,4 млн тон больш, чым у трэцім квартале. 

Цяжка сказаць, ці гэтыя лічбы праўдзівыя. Здаецца, мінскія ўлады ўзялі курс на свядомае заніжэнне інфармацыі пра аб’ёмы перапрацоўкі нафты, каб зрабіць выгляд, што ім не ўдаецца абыходзіць санкцыі, між тым як у рэальнасці аб’ёмы былі большыя, чым дэклараваныя.

З інфармацыі ад працаўнікоў «Нафтана» і Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода вядома, што ў другім квартале 2022 года аб’ёмы вытворчасці сапраўды былі мінімальныя, але пад канец года яны выраслі.

З улікам усяго гэтага мы лічым базавым сцэнар, што Беларусь у 2022-м атрымала ад Расіі каля 12 млн тон нафты, мінімальным — 10 мільёнаў, а максімальным — 14 мільёнаў.

Мы не ўлічвалі расійскія субсідыі на пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі на расійскі рынак: іх сумы не такія значныя.

Пры нашых базавых сцэнарах сума нафтагазавых датацый ад Расіі ў 2022 годзе склала 15,481 мільярда даляраў.

Пры нашых максімальных сцэнарах сума нафтагазавых датацый ад Расіі ў 2022 годзе склала 17,37 мільярда даляраў.

Пры нашых мінімальных сцэнарах сума нафтагазавых датацый ад Расіі ў 2022 годзе склала 13,591 мільярда даляраў.

Пры кожным сцэнары больш за 90% гэтай сумы прыйшлося на газ.

Нават пры мінімальных сцэнарах гэта каласальная сума. Мінск атрымаў за тылавую падтрымку расійскага нападу на Украіну нашмат больш за 30 срэбранікаў.

Сума расійскіх датацый у разы перавышала аналагічныя паказчыкі 2021 года, калі яна складала 4,96 мільярда.

У 2020-м, нагадаем, сума «нафтагазавага гранту» была зменшаная да мінімальных 188 мільёнаў даляраў, што адразу выклікала крызіс «лукашэнкаўскай мадэлі». У 2019-м яна складала 2,7 мільярда даляраў, а ў 2018-м — 5,1 млрд.

Завоблачная сума расійскай падтрымкі паказвае таксама, наколькі вялізныя датацыі ад Расіі патрэбныя, каб эканоміка Беларусі ў новых умовах захоўвала хоць адносную стабільнасць.

Нават атрыманне 15 мільярдаў датацый не ўратавала беларускую эканоміку ад падзення. Па афіцыйных даных, якія могуць быць сфальсіфікаваныя, валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2022 годзе знізіўся на 4,7 працэнта пры плане росту на 2,9.

Нягледзячы на такую каласальную падкормку, беларуская эканоміка значна адстае па сваіх паказчыках ад гаспадарак суседніх краін Еўрасаюза.

Вышэй прыведзеныя лічбы паказваюць, што ў выпадку абразання гэтых субсідый па той ці іншай прычыне луканоміку чакаў бы калапс. Расія для Аляксандра Лукашэнкі — сапраўды ягонае ўсё. 

Nashaniva.com