«Не бачыў беларусаў у такім амплуа ні разу». Павел Лібер разважае пра грошы, заможнасць і панты

У вялікай размове «Ток» адзін са стваральнікаў платформы «Голас» распавёў пра тое, якія павінны быць заробкі ў беларусаў, ці лічыць сябе багатым і чаму айцішнікі сумуюць па сырках.

30.03.2023 / 21:47

Павел Лібер. Кадр з відэа ютуб-канала «ТОК»

«Дрэнна не тое, што ў айцішнікаў высокія заробкі, а што ў настаўнікаў і дактароў — нізкія»

Лібер лічыць, што несправядліва, калі настаўнік у Беларусі зарабляе 300-400 даляраў, а студэнт-праграміст можа мець і тысячу, і дзве, калі пастараецца.

«Гэта несправядліва не таму, што студэнт атрымлівае шмат, а таму, што доктар і настаўнік атрымліваюць мала. І гэта важна. Таму што высокія заробкі айцішнікаў разглядаюцца як нешта дрэннае. На самой справе, дрэннае — гэта нізкія заробкі ў настаўнікаў і дактароў. Ва ўсіх іншых краінах няма ніякай дыферэнцыяцыі. У Польшчы, Іспаніі доктар і айцішнік атрымліваюць супастаўна.

У новай Беларусі давядзецца выпраўляць гэтую несправядлівасць. Таму што ў здаровым грамадстве не павінна быць такіх розніц. Бо ва ўсім свеце настаўнікі і дактары — прывілеяваныя прафесіі. А ў нас — сацыяльна ўразлівыя. Таму існуючая розніца павінна выроўнівацца. І не ў бок зніжэння, а ў бок таго, каб усе пачалі жыць лепей», — адзначае Павел.

Ці праўда, што ўсе айцішнікі ныюць і сумуюць па беларускіх сырках?

Павел Лібер з усмешкай адзначае: татальны сум айцішнікаў па беларускіх глазураваных сырках — міф.

«Усе гэтыя размовы заканчваюцца тым, што заўважаюць «Ну добра, у Польшчы таксама нармальныя» ці «Ну вось я літоўскі пакаштаваў, таксама нічога».

А тое, што беларускія айцішнікі ў пабліках скардзяцца, што сэрвіс не той, прадуктаў не хапае, Лібер звязвае з настальгіяй па радзіме.

«Вось я калі быў у Каліфорніі, то знаёмыя наракалі, што няма тварагу ці паляндвіцы. І таму ў гаражы на падземнай паркоўцы яны самі рабілі тварог. Не ведаю, чаму ў такіх умовах. Гэта прамая цытата», — распавядае Павел.

Нельга казаць, што толькі айцішнікам ўласцівыя такія нараканні. «Я ведаю не айцішнікаў, якія шукаюць грэчку, сыркі ці рагачоўскую згушчонку», — заўважае Лібер. Ён лічыць, што распаўсюджанае меркаванне аб тым, што менавіта айцішнікі ныюць, звязанае з большай прысутнасцю апошніх у лічбавых сродках камунікацыі.

«Самая дарагая пакупка за ўсё жыццё — машына»

Каб у 2020-м працаваць над платформай «Голас», а цяпер над «Новай Беларуссю», Павел сышоў з асноўнай працы. Падлічваў, што можа заставацца без працы да канца 2023 года. Сродкі дазваляюць як забяспечыць дастатковы ўзровень жыцця, так і інвеставаць у праекты. Пры гэтым ён ужо шукае варыянты стабільнай працы. І думае да канца года ўладкавацца ў нейкі праект на частковую занятасць, каб вярнуць стабільны дастатак.

«Калі я сыходзіў [з EPAM], то забраў усе свае зберажэнні, нешта ў мяне было на фондавым рынку, нешта ў кампаніі. І па сутнасці я большую частку інвеставаў у сацыяльныя праекты. Каб яны маглі расці і развівацца. Цяпер грошы заканчваюцца, і я вымушаны буду шукаць працу», — заўважае Лібер.

Павел не набываў за мяжой нерухомасць, а самая дарагая яго пакупка за ўсё жыццё — машына БМВ М550. Яна абышлася праграмісту, па яго словах, у 85 тысяч даляраў.

«Спартыўная, якая разганяецца з 4 секунды да 100 км на гадзіну. Потым я яе прадаў у два разы танней. Усе такія машыны вельмі хутка губляюць у цане», — смяецца Павел.

Прадаць яе вырашыў, калі падлічваў, колькі грошай спатрэбіцца на распрацоўку «Новай Беларусі».

«Я разумеў, што машына стаіць у Мінску. Прывозіць я яе не збіраюся, таму што тут у нас ёсць машына жонкі. Яна стаіць на паркоўцы 99 працэнтаў часу, таму што мы не разумеем, навошта ў Вільні машына. Таму я вырашыў яе прадаць і дадаць грошы да таго запасу, які выдзеліў на праект», — тлумачыць Павел.

Чым заможны беларус адрозніваецца ад заможнага расейца ці заможнага еўрапейца?

У адрозненне ад расейцаў у беларусаў няма пантоў, лічыць Павел.

«У нас няма паказушнасці, п'янага раскідвання грошай у казіно з крыкамі «Тагіл!». Я не бачыў беларусаў у такім амплуа ні разу. У нас са сціпласцю ўсё ў парадку», — лічыць Павел.

Пры гэтым ён падкрэслівае, што не лічыць сябе багатым. Ёсць людзі, якія атрымліваюць нашмат болей.

«Я лічу, што мой узровень дастатку, калі я мог нешта купіць (а я не набываў большасць рэчаў за раз, я браў у крэдыт ці лізінг) — гэта якраз тое, як можа жыць доктар у Іспаніі. Ён можа набыць сабе машыну за 85 тысяч. Так, з крэдытамі. Але гэта не будзе для яго непад'ёмнай пакупкай.

І мне вельмі хочацца, каб мы прыйшлі да таго грамадства, дзе людзі могуць набываць сабе нерухомасць, машыны, мець доўгатэрміновае планаванне. Браць крэдыты пад 1 працэнт на 30 гадоў, як гэта адбываецца ў нармальных краінах. Вось да гэтага нам трэба ісці. Пакуль мы ўсіх дзелім на багаты-небагаты, мы дакладна нікуды не прыйдзем», — адзначае Павел.

Глядзіце цалкам:

Nashaniva.com