Куды знікла ўдава Макея Вера Палякова?
Пасля смерці міністра замежных спраў Уладзіміра Макея яго ўдава, акцёрка Вера Палякова, падобна, трапіла ў апалу. Яна прапала з тэлеэкранаў. Крыніцы «Нашай Нівы» кажуць, што такое не магло адбыцца без ведама Аляксандра Лукашэнкі.
01.04.2023 / 22:41
Вера Палякова. Скрыншот эфіру АНТ
Вера Палякова знікла з тэлебачання. Яшчэ незадоўга да 26 лістапада 2022 года, дзень смерці Макея, яна часта вяла праграму АНТ «Наша раніца».
Цяпер Палякова ў эфіры больш не з'яўляецца. У Аляксандра Сярэбраннікава іншая калега — Любоў Чаркашына, член выканкама беларускага Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК), якая — цікавае супадзенне — прасунулася ў кар'еры ў часы кіравання ў НАК Максіма Рыжанкова, які пазней стаў антаганістам Макея ў дзяржапараце.
Таксама, як нам стала вядома, заслужаная артыстка Беларусі і лаўрэатка медаля Францыска Скарыны Вера Палякова больш не вядзе мерапрыемстваў для рэжымнага істэблішменту.
«А блізкія да рэжыму бізнэсмены, якія раней падтрымлівалі Тэатр юнага гледача, якім кіруе Палякова, сталі адмаўляць у просьбах падтрымкі тых ці іншых праектаў. Цікавае супадзенне», — сказаў «Нашай Ніве» чалавек з тэатральнай сферы.
Актрыса працягвае выступаць разам з тэатральным праектам «ТрыТфармаТ», днямі трупа ездзіла ў Бярозу паказваць спектакль «Карэніна».
«Без ведама Лукашэнкі, а хутчэй за ўсё — і па прамым распараджэнні, Палякова не магла быць адпраўленая ў апалу адразу пасля смерці Макея», — сказаў нам адзін з абазнаных суразмоўцаў.
Чытайце таксама:
Вера Палякова — другая жонка Уладзіміра Макея.
У пары ў 2009 годзе нарадзіўся сын Арцём.
Віталь Макей, старэйшы сын Макея ад першага шлюбу, не сядзеў побач з Паляковай ля труны, а развітаўся з бацькам ужо на могілках.