94-гадовая жанчына без адукацыі прачытала 1658 кніг за сваё жыццё
94-гадовая жыхарка Аўстраліі, якая не атрымала нават школьнай адукацыі, з 14 гадоў вяла cпіс прачытаных кніг. Яе ўнук падзяліўся з падпісантамі ў твітары часткай яе чытацкага дзённіка даўжынёй у 1658 назваў.
31.03.2023 / 13:25
Бэн Маерс, дырэктар універсітэцкага каледжа Альфакруціс у Аўстраліі, выявіў, што яго 94-гадовая бабуля ўсё жыццё запісвала назвы прачытаных кніг. Яна нават прадублявала спіс на пішучай машынцы. Маерс сфатаграфаваў яго і выклаў фрагменты ў сваім акаўнце ў твітары. «Гэта дзіўны архіў свядомасці аднаго чалавека даўжынёй амаль цэлае стагоддзе», — напісаў ён.
Сям'я жанчыны ўцякла з Югаславіі ў 1945 годзе. Спачатку яны жылі ў Германіі, затым перабраліся ў Аўстралію. Бабуля Маерса так і не скончыла школу, але пры гэтым ведала чатыры мовы: сербскую, венгерскую, англійскую і нямецкую.
Каб паспець прачытаць 1658 кніг за 80 гадоў, ёй давялося б чытаць як мінімум па дзве кнігі на месяц.
Маерс апублікаваў для падпісчыкаў фрагмент з мемуараў бабулі, у якім яна ўспамінае пра ўцёкі ў Германію. У той час яны жылі на ферме, дзе ім ненадоўга дазволілі спыніцца гаспадары. 17-гадовая дзяўчынка нават тады, нягледзячы на нягоды пасляваеннага часу, імкнулася да ведаў і чытала ўсё, да чаго магла дацягнуцца.
«Я хацела хутчэй асвоіць нямецкую і чытала сякія-такія кнігі ўслых сваёй маці. Памятаю раманы Дастаеўскага і Дзюма. Аднойчы знайшла маленькую кнігу, схаваную ў сцяне. Гаспадары фермы не ведалі пра яе і сказалі, што я магу пакінуць яе сабе. Гэта аказалася нямецкае выданне «Самае вялікае ў свеце» Генры Друманда. Я палюбіла яго і перачытвала шмат разоў. Я вырашыла проста там і тады, што пабудую сваё жыццё на гэтай кнізе», — згадвала жанчына.
Публікацыя Маерса набрала ў твітары каля 80 000 лайкаў і 4,5 мільёна праглядаў. Падпісчыкі выказалі сваю павагу бабулі аўтара і захапіліся яе любоўю да чытання, нягледзячы на адсутнасць адукацыі.
Чытайце таксама:
89-гадовы Кастусь Цвірка: Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў «Беларускага кнігазбору»!
Выдавецтва «Янушкевіч» анансавала выхад фэнтэзі Алеся Кудрыцкага