Якія прафесіі першымі заменіць штучны інтэлект?
Бухгалтары, матэматыкі і перакладчыкі будуць не адзінымі, чыю працу лепей зможа выканаць машына.
31.03.2023 / 18:21
Фота: Freepik.com
Згодна з новым даследаваннем, бухгалтары ўваходзяць у лік прафесій, чыя кар'ера больш за ўсё залежыць ад магчымасцяў штучнага інтэлекту. Даследчыкі выявілі, што, прынамсі, палову бухгалтарскіх задач можна выканаць нашмат хутчэй з дапамогай новай тэхналогіі, піша Wall Street Journal.
Тое ж самае датычыць матэматыкаў, перакладчыкаў і пісьменнікаў. Сучасны GPT выдатна спраўляецца з такімі відамі працы, як пераклад і нават літаратурная творчасць ды стварэнне камп’ютарнага кода.
Даследчыкі мяркуюць, што большасць працоўных месцаў будзе ў той ці іншай форме зменена з дапамогай GPT.
Прафесіі, звязаныя з апрацоўкай інфармацыі, у тым ліку спецыялісты па сувязях з грамадскасцю, судовыя рэпарцёры і блокчэйн-распрацоўшчыкі, будуць вельмі залежныя ад змен. Сярод прафесій, на якія тэхналогія паўплывае менш за ўсё, — кухары ў рэстарацыях, аўтамеханікі і спецыялісты нафтагазавай галіны.
Аднак змены наўрад ці будуць адбывацца хутка.
Сапраўдная праблема палягае ў тым, каб кампаніі, школы і палітыкі дапамагалі людзям адаптавацца. Прычым гэта абыдзецца нятанна: навучанне работнікаў эфектыўнаму ўзаемадзеянню з тэхналогіямі і рэарганізацыя працоўных месцаў могуць каштаваць трыльёны даляраў.
Нягледзячы на гэта, многія людзі ўжо пачалі выкарыстоўваць генератыўны штучны інтэлект, каб працаваць хутчэй, хоць працадаўцы турбуюцца пра бяспеку і дакладнасць працы.
Чытайце яшчэ:
Першая краіна свету ўвяла забарону на выкарыстанне нейрасеткі ChatGPT
Склалі для вас вялікі ТОП карысных нейрасетак на ўсе выпадкі жыцця