«Каб былі ў чыстым, без прыкмет п’янкі і глядзелі на экран». Працоўныя расказалі, як іх фатаграфавалі за праглядам Лукашэнкі
Слухаць Лукашэнкава пасланне мусілі не толькі звезеныя ў Палац Рэспублікі правераныя кадры, але і прадстаўнікі працоўных калектываў, студэнты, школьнікі і нават дзеці на каленях у маці. Іх сабралі ля камп'ютараў ды тэлевізараў, некаторым нават выдалі новую форму.
31.03.2023 / 17:56
У Гомелі дактары цэнтральнай дзіцячай клінічнай паліклінікі слухалі Лукашэнку з павязкамі на тварах Фота: t.me/VOkanal
Пра тое, як людзей мабілізавалі слухаць Лукашэнку, распавёў «Нашай Ніве» працаўнік прадпрыемства з Гродзенскай вобласці.
Па яго словах, раніцай 31 сакавіка па брыгадах прабег намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі і загадаў выбраць ахвотных пасядзець у яго кабінеце.
«Сказаў, каб былі ў чыстай працоўнай адзежы і не было асоб, на тварах якіх засталіся прыкметы ўчарашняй п’янкі. Дадаў, што будуць фатаграфаваць і каб не глядзелі на фатографа, а толькі на экран. Калі будзе гімн, каб не забыліся ўстаць. Ідэолаг паабяцаў адгул», — адзначыў працаўнік.
Ён кажа, што супрацоўнік адміністрацыі быў разгублены.
Працаўнікам Мазырскага машынабудаўнічага завода для прыгожых фотаздымкаў з Лукашэнкавага паслання выдалі новае спецадзенне.
Мазырскіх машынабудаўнікоў прыхарашылі. Фота: https://t.me/mozyr_news
Так слухалі Лукашэнку ў Шклове. Фота: t.me/shklovinfo
Дэлегацыі з рэгіёнаў у Мінск выпраўляліся аўтобусамі ноччу 31 сакавіка арганізаванымі групамі.
«Пакуль крычаўцы спалі, дэлегацыя раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Судзяковым ужо накіравалася ў Мінск, каб пачуць пасланне Лукашэнкі», — як пра подзвіг напісала крычаўская раёнка.
Крычаўская дэлегацыя выпраўляецца слухаць Лукашэнку. Фота: t.me/krichevsmi
Фотаздымкі з задаволенымі ўдзельнікамі сходу наваднілі праўладныя тэлеграм-каналы. Па прыездзе кожная дэлегацыя для справаздачы фатаграфавалася ля інсталяцыі з абвесткай аб выступе Лукашэнкі.
За тым, каб аўдыторыя ўважліва слухала Лукашэнку, павінен быў сачыць адказны. Фота: t.me/narayuone
Тэлеграм-каналы раёнак сталі пісаць, што выступ Лукашэнкі слухаюць працоўныя калектывы. На выкладзеных фота працаўнікі паказушна сядзяць у кабінетах кіраўнікоў і актавых залах. За імі прыглядаў адказны за прагляд. Ён сядзіць асобна і таксама глядзіць у кампʼютар.
Лукашэнку прывучаюць слухаць з маленства. Фота: t.me/mozyr_news
Каб глядацкая аўдыторыя была больш разнастайнай, у Мазыры пасадзілі перад тэлевізарам глядзець на Лукашэнку жанчыну ў дэкрэце. Дзіця глядзела яго выступ разам з маці на каленях.
Лукашэнкава пасланне глядзяць у Гомелі. Фота: t.me/narayuone
Слухаць Лукашэнку прывялі і дзяцей. Напрыклад, у Гомельскім раёне яго прамову глядзела двое вучняў Міхалькоўскай школы. Фота з імі з'явілася ў тэлеграм-канале раённага аддзела адукацыі.
Двое вучняў вясковай школы з Гомельскага раёна слухаюць Лукашэнкаву прамову. Фота: t.me/gomregion_raisovet
Гэты ж тэлеграм-канал напісаў, што працоўны калектыў Красненскай дзіцячай школы мастацтваў падтрымлівае тэзіс Лукашэнкі, што свету патрэбны мір, а сёння важныя пытанні наладжвання супрацоўніцтва з усімі, хто ў гэтым зацікаўлены.
Супрацоўніцы школы мастацтваў з Гомельскага раёна на пасланні Лукашэнкі. Фота: t.me/gomregion_raisovet
Ва ўніверсітэтах на Лукашэнкава пасланне сабралі ў актавых залах актыў БРСМ. Як апавёў адзін з удзельнікаў, напачатку быў інструктаж, як сябе паводзіць. Галоўнае было ўважліва глядзець у тэлевізар і не выдаваць абыякавасці.
Студэнты Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна глядзяць выступ дыктатара. Фота: t.me/bvnby
Чытайце таксама:
«Я пра гэта настойліва вёў перамовы з Пуціным». Лукашэнка пра намер размясціць ядзерную зброю
Лукашэнка адказаў, на каго гатовы абмяняць палітвязня Пачобута
Лукашэнка: Расійскія войскі нас не захапілі, я іх сюды прывёў і імі кірую