У піцерскай кавярні падарвалі прапагандыста Уладлена Татарскага. Выбухоўку, імаверна, схавалі ў падоранай залатой статуэтцы
Па словах відавочцаў, выбухнула каля сцэны, дзе выступаў ваенкар. У кавярні ў Піцеры з Уладленам Татарскім ладзілі творчы вечар. Кавярня належала Яўгену Прыгожыну, тут у выхадныя збіраўся дыскусійны клуб «Кібер Z фронт». Татарскі — былы рабаўнік, які стаў прапагандыстам і быў адным з падпальшчыкаў цяперашняй вайны.
02.04.2023 / 19:10
Скрыншот відэа
Як паведамілі Readovka відавочцы, на вечары, які праходзіў у пецярбургскай кавярні, адбыўся выбух. У памяшканне невядомы пранёс самаробную выбуховую прыладу, начыненую паражальнымі элементамі. Раненні рознай ступені цяжкасці атрымала многа людзей, у тым ліку аскепкавыя.
Месца здарэння. Фота: «Фантанка»
Па звестках экстранных службаў, адзін чалавек загінуў і 16 параненыя. Вядучага вечара павезла ў цяжкім стане хуткая дапамога.
Магутнасць выбуховага прыстасавання склала больш за 200 грам трацілу, паведамляюць праваахоўныя органы.
Месца здарэння. Фота: «Фантанка»
Відавочцы распавялі, што папярэднічала выбуху. Па словах гараджан, піша «Фантанка», дзяўчына падарыла ваенкару пазалочаную статуэтку. Ён падзякаваў за падарунак, а яна заняла сваё месца ў зале. Праз пяць хвілін прагрымеў выбух. Больш за ўсё пацярпелі госці з першых шэрагаў.
Дарыльшчыцу статуэткі шукае паліцыя.
Скрыншот відэа
«Тое: што выбухнула статуэтка — гэта адна з версій, якую разглядае следства. Выбух адбыўся на вышыні 60 сантыметраў ад падлогі», — распавяла РБК крыніца ў МУС. Выданне піша, што выбух адбыўся з правага боку ад месца, дзе сядзеў Уладлен Татарскі.
Як піша «Фантанка», раней кавярня, дзе адбыўся выбух, належала Яўгену Прыгожыну, тут у выхадныя збіраецца дыскусійны клуб «Кібер Z фронт».
Уладлен Татарскі (сапраўднае імя Максім Фамін) нарадзіўся ў Макееўцы на Данбасе. Сядзеў за абрабаванне банка, а ў 2014-м збег з калоніі ў Гарлоўцы і далучыўся да апалчэння ў «ЛНР». Служыў у розных падраздзяленнях, пазней перабраўся ў Маскву. На яго тэлеграм-канал падпісана амаль 560 тысяч чалавек.
«Всех убьём. Всех, кого надо, ограбим. Всё, как мы любим. С богом». Прамова Татарскага