«Усіх заб’ём, каго трэба, абрабуем. З Богам». Хто такі Уладлен Татарскі, якога падарвалі ў піцерскай кавярні
Прапагандыст вайны Уладлен Татарскі, якога забілі падчас яго творчага вечара ў кавярні Санкт-Пецярбурга, — былы крымінальнік, рабаўнік. Гэты ваенкар вызначаўся нават на фоне агалцелай расійскай прапаганды.
02.04.2023 / 20:38
Уладлен Татарскі. Фота: яго тэлеграм-канал
Уладлен Татарскі — гэта псеўданім расійскага блогера з батальёна «Усход» і ваеннага карэспандэнта Максіма Фаміна, які ўслаўляў агрэсію Расіі супраць Украіны.
Ён запісваў відэаролікі з «аналізам» вайны і даваў парады мабілізаваным расіянам. Быў сярод запрошаных на выступленне Пуціна з нагоды далучэння Луганскай, Данецкай, Херсонскай і Запарожскай абласцей.
У адным з ролікаў, запісаным летась у верасні, акурат пасля таго пуцінскага выступлення, ён заявіў, што «ўсіх пераможам, усіх заб’ём, усіх, каго трэба, абрабуем, і ўсё будзе, як мы любім, з Богам».
А ўчора ваенкар не хаваў радасці ад паведамлення аб смерці беларускага добраахвотніка.
Татарскаму было 40 гадоў. Па яго словах, нарадзіўся ён і ўсё жыццё пражыў у Макееўцы, на Данбасе. Гаварыў, што яго бацька — «рускі патрыёт, звычайны шахцёр» і выхоўваў яго ў патрыятычным духу. Ён у дзяцінстве рабіў «дробныя дысідэнцкія выхадкі на ўроках украінскай мовы».
Татарскі казаў, што займаўся бізнэсам, пакуль яго не пасадзілі за рабаванне банка. У 2014 годзе ўцёк з турмы і далучыўся да прарасійскага апалчэння.
Потым яго зноў пасадзілі, бо юрыдычных падстаў для вызвалення не было. Потым ён быў памілаваны і адслужыў па кантракце. У 2019-м звольніўся і заняўся блогерскай дзейнасцю, паехаў працаваць у Маскву. Калі пачалася поўнамаштабная вайна, стаў яе апяваць.
Уладлен Татарскі. Фота: business-gazeta.ru
Пра свае ўцёкі з турмы напісаў кнігу, якую выдаў, калі жыў у Маскве. Нядаўна выйшла яшчэ адна яго кніга — зборнік апавяданняў «Медытацыя».
Татарскі лічыў, што «Украіна як дзяржава ў цяперашнім выглядзе павінна быць знішчана».
«Якому нармальнаму чалавеку з Украіны, калі ён пераехаў у РФ захочацца вучыць ўкраінскую мову? І галоўнае: для чаго? Чытаць Шаўчэнку ў арыгінале? Гэта смешна ж. Вывучаць (не гаварыць на суржыку, а менавіта вывучаць ўкраінскую мову) захочуць толькі яшчэ не выяўленыя ФСБ агенты ГУР і СБУ», — пісаў Татарскі.
Ваенкар прызнаваўся, што не чакаў ад Украіны супраціву. Ëн заклікаў да бязлітасных бамбёжак.
«Калі б мы ў першы дзень пахавалі ў казармах Украіны 10 тысяч украінскіх салдат, то яны былі б на перамовах згаворлівымі, гэта б дэмаралізавала мацней», — заяўляў Татарскі ў адным з інтэрв'ю.
Уладлена Татарскага забіла 2 красавіка выбухам ў кафэ Street Food Bar №1 у Санкт-Пецярбургу. Там ён выступаў з лекцыяй пра тое, як «весці рэпартажы з гарачых пунктаў» і «што такое быць ваенкарам».
Сустрэча з Татарскім была арганізаваная дыскусійным клубам «Кібер Фронт Z». У ліпені 2022 года уладальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын казаў, што Street Food Bar №1 належыць яго кампаніі «Канкорд».
Чытайце таксама: