Затрыманы другі запар кіраўнік «Агата» — прадпрыемства, якое дапамагае рускім забіваць украінцаў
Мікалай Балігатаў узначальваў холдынг «Агат — сістэмы кіравання» 9 месяцаў пасля пасадкі папярэдняга дырэктара, генерала Генадзя Казакова. Максімальна лаяльны і дасведчаны «чырвоны дырэктар» з ведамі правілаў гульні таксама трапіўся.
03.04.2023 / 20:39
Мікалай Балігатаў. Фота: «СБ»
«Агат» — адно з цэнтральных прадпрыемстваў беларускай абаронкі, якое займаецца пераважна комплексамі кіравання агнём.
Замовы паступаюць як ад беларускай арміі, так і ад іншых рэжымаў, не дапушчаных да заходніх тэхналогій.
У гісторыі «Агата» ёсць як адносныя поспехі, так і гучныя правалы.
Папярэдняга дырэктара, генерала Генадзя Казакова, арыштавалі пры канцы красавіка 2022-га і ў выніку асудзілі да 7 год калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 3 арт. 430 — хабарніцтва ў асабліва буйным памеры.
На змену яму ў ліпені таго ж года прыйшоў Мікалай Балігатаў, які да таго ўзначальваў адно з прадпрыемстваў холдынга — «Агат — электрамеханічны завод».
Лукашэнка патрабаваў ад яго стварыць такую сістэму сувязі войскаў, якая не будзе глушыцца заходнімі сістэмамі.
Праз тое, што ў расійскіх войскаў адсталыя сістэмы сувязі, іх армія нясе вялізныя страты ва Украіне.
Балігатаў у адказ казаў, што неабходныя сістэмы ў «Агата» ўжо ёсць, і ён «упэўнены ў тым, што кіраванне, жывучасць войскаў будзе забяспечана нашымі тэхнічнымі сродкамі».
Ці ўдалося Балігатаву выканаць заданне начальніка, невядома.
Па інфармацыі «Нашай Нівы», атрыманай з дзвюх крыніц, нядаўна кіраўніка «Агата» затрымалі на працоўным месцы.
У прыёмнай прадпрыемства «Нашай Ніве» сказалі, што звязаць з дырэктарам не могуць і цяпер яго абавязкі выконвае іншы чалавек.
Чытайце таксама:
Як патраціць 2 мільёны дзяржаўных рублёў, каб нічога не было