Некалькі беларускіх банкаў мяняюць валюты разлікаў па картах Mastercard на кітайскі юань
Беларускія банкі з 3 красавіка перайшлі па картах Mastercard на разлікі праз кітайскія юані з-за сітуацыі на рынку і міжбанкаўскіх узаемаадносін. Як доўга будзе доўжыцца гэтая сітуацыя, невядома. БНБ-Банк і Белгазпрамбанк пяройдуць на кітайскі юань з еўра, Альфа Банк — з даляра, піша Office Life.
03.04.2023 / 19:43
Як пасля гэтых новаўвядзенняў будуць праводзіцца плацяжы, патлумачыў Альфа Банк.
Цяпер, калі вы разлічваецеся за мяжой — да прыкладу, у Італіі — картай беларускага банка, выпушчанай у рублях, працэс будзе такім: валюта аперацыі — напрыклад, еўра — будзе пералічаная ў даляры па курсе Mastercard, далей з даляраў яна пералічыцца ў кітайскія юані па курсе Mastercard, а з юаняў — у валюту карты па курсе банка. Тады і будзе зразумела, колькі рублёў спішуць з вашай карты пасля пакупкі.
Калі вы разлічваецеся картай, выпушчанай у еўра, за тавары ў Польшчы, то схема пераліку будзе такой: польскія злотыя пералічваюцца ў даляры па курсе Mastercard, далей даляры пералічваюцца ў юані па курсе Mastercard, затым юані — у валюту карты (у гэтым выпадку — у еўра) па курсе банка.
Калі вы купляеце тавар у Кітаі за юані, то сума адразу будзе пералічаная ў валюту карты (напрыклад, у беларускія рублі) па курсе банка.
Калі вы разлічваецеся за куплю ў еўра картай, выпушчанай у еўра, — ніякага пераліку няма, з карты спісваецца сума ў еўра.
З картамі Visa пакуль зменаў няма: валютай разлікаў беларускіх банкаў тут па-ранейшаму вызначаны еўра.
Чытайце таксама:
Закупіліся юанямі, а не далярамі. І што з імі стала праз год?
Беларусам прапануюць рабіць уклады ў юанях. Ці гэта выгадна?