Алейнік паехаў у Кенію, на фотах адтуль пабачылі Зінгмана
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік паехаў з візітам у Кенію, дзе сустрэўся з мясцовым прэзідэнтам Уільямам Рута. На фота з візіту, апублікаванага прэс-службай Рута, быў заўважаны і вядомы бізнэсмен Аляксандр Зінгман.
03.04.2023 / 22:14
Аляксандр Зінгман — другі злева
Пры гэтым на фота прэс-службы беларускага МЗС Аляксандр Зінгман ужо не трапіў, адзначае Reform.by.
У сакавіку 2023 года стала вядома, што ўрад Кеніі плануе купіць у кампаніі беларускія трактары, камбайны, самазвалы і іншую тэхніку на суму 320 млн даляраў. Пра гэта афіцыйна і вялася гаворка на сустрэчы з кенійскім прэзідэнтам. «Менавіта тут у беларускіх трактароў ёсць будучыня», — напісаў Уільям Рута ў твітары.
Аляксандр Зінгман — у цэнтры
Але прысутнасць Зінгмана можа сведчыць пра тое, што ў гэтага візіту ёсць і падвоенае дно. Бо Аляксандр Зінгман — бізнэсмен, блізкі да Віктара Шэймана. Вядома, што разам з сынам апошняга Сяргеем Шэйманам ён быў бенефіцыярам бізнэсу па здабычы золата ў Зімбабвэ. А ў 2021 годзе Зінгман затрымліваўся ўладамі Дэмакратычнай Рэспублікі Конга па падазрэнні ў гандлі зброяй, але ў выніку яго тады так і адпусцілі, не выставіўшы абвінавачвання.
Чытайце таксама:
Кампанія, звязаная з Шэйманам і Зінгманам, трапіла ў новы скандал з золатам у Зімбабвэ