МЗС Польшчы вітала вызваленне Анжалікі Борыс і назвала вызваленне Пачобута прыярытэтам

Міністэрства замежных спраў Польшчы выступіла з заявай пасля вызвалення з-пад арышту Анжалікі Борыс.

04.04.2023 / 14:03

Анжаліка Борыс

Ведамства заявіла, што вітае зняцце абвінавачванняў і спадзяваецца, што Борыс зможа ў хуткім часе наведаць Польшчу.

«Інфармацыя пра зняцце абвінавачанняў са старшыні Саюза палякаў Беларусі — першая за доўгі час пазітыўная навіна з Мінска. Спадзяваемся, што гэта сігнал змены стаўлення ўладаў у Мінску да палякаў у Беларусі і гатоўнасці да канструктыўнага дыялогу па двухбаковых пытаннях», — гаворыцца ў заяве.

МЗС Польшчы дадае, што нязменна выступае за вызваленне Андрэя Пачобута і зняцце з яго ўсіх абвінавачанняў. «Гэтая справа для нас прыярытэтная», — гаворыцца ў заяве.

Сёння стала вядома, што кіраўніцу Саюза палякаў Анжаліку Борыс разам з маці выклікалі ў Мінск, дзе ёй уручылі дакумент аб спыненні справы «ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства». 

Польшча не пакідае спробаў вызваліць Пачобута. «Калі Андрэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты пераход у Баброўніках», — сказаў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Каміньскі.

Чытайце таксама:

Васкрасенскі распавёў, як сустракаўся з Пачобутам дзеля яго вызвалення

Nashaniva.com