Клінтан выказаў шкадаванне, што схіліў Кіеў да адмовы ад ядзернай зброі
Калі б Украіна валодала сіламі стрымлівання, то расійскай спецаперацыі «атрымалася б пазбегнуць», лічыць экс-прэзідэнт ЗША. Ён дадаў, што адчувае сябе «жахліва» праз тое, што ў 1994 годзе ўгаварыў Кіеў адмовіцца ад ядзернай зброі, піша РБК.
05.04.2023 / 08:22
Біл Клінтан. Фота: AP
«Я адчуваю асабістую адказнасць, таму што я прымусіў іх [Украіну] пагадзіцца адмовіцца ад сваёй ядзернай зброі. І ніхто з іх не верыць, што Расія пракруціла б гэты трук, калі б ва Украіны ўсё яшчэ была іх зброя», — сказаў ён у інтэрв'ю RTÉ, падкрэсліўшы, што «адчувае сябе жахліва праз гэта».
У 1994 годзе Клінтан падпісаў трохбаковае пагадненне з дзейнымі на той момант прэзідэнтамі Расіі Барысам Ельцыным і Украіны Леанідам Краўчуком аб ліквідацыі арсенала стратэгічнай ядзернай зброі на ўкраінскай тэрыторыі. Са слоў Клінтана, украінскі бок «баяўся адмовіцца ад яе».
Экс-прэзідэнт ЗША таксама заклікаў Захад працягваць аказваць падтрымку Кіеву. Ён дапусціў, што надыдзе час, калі ўкраінскі ўрад вырашыць, што ён можа падумаць аб мірным пагадненні, але падкрэсліў, што заходнія краіны не павінны кідаць Кіеў.