Прэзідэнт Літвы ў анкеце не ўказаў, што ў 1988 годзе ўступіў у кампартыю
Журналіст Давідас Панцэровас у сераду ў фэйсбуку падзяліўся дакументамі, паводле якіх у маі 1988 года цяперашні прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа напісаў заяву з просьбай прыняць яго ў кампартыю. Прэзідэнцкая служба гэты факт пацвердзіла, але адзначыла, што ў дзейнасці партыі Наўседа не ўдзельнічаў. У анкеце кандыдата гэтай інфармацыі не было, так як гэтая інфармацыя не з'яўляецца абавязковай, піша Delfi.lt.
05.04.2023 / 14:11
Панцэровас сказаў, што днямі Літоўскі спецыяльны архіў абнародаваў спісы людзей, якіх павінны былі выслаць з Літвы, а таксама іншыя справы архіва. У іх ёсць і дакументы прэзідэнта Наўседы.
Сярод дакументаў ёсць заява Наўседы на ўступленне ў кампартыю ад 20 мая 1988 года, партыйны білет яму быў выдадзены 27 чэрвеня таго ж года. Панцэровас у фэйсбуку падкрэсліў, што не лічыць і не сцвярджае, што «членства ў камуністычнай партыі — гэта нязмыўная пляма».
«Аднак прэзідэнт Наўседа ў сваіх выступах кажа пра «Саюдзіс», мітынгі «Саюдзіса» (арганізацыі, што ўзначаліла рух за незалежнасць Літвы ў канцы 1980-х — НН), а насамрэч у той час ён абраў іншы бок барыкады, прынамсі, афіцыйна», — напісаў журналіст.
Ён нагадаў, што экс-прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, у адрозненне ад Наўседы, указвала ў анкеце членства ў кампартыі. Па словах Панцэроваса, спецыялісты не аспрэчваюць сапраўднасць гэтых дакументаў. Журналіст у сацыяльнай сетцы падзяліўся і адказам прэзідэнцкай службы.
«Прэзідэнт Наўседа быў прыняты ў кампартыю ў маі 1988 года. Адпаведныя дакументы захоўваюцца ў Дзяржархіве, і яны даступныя для грамадства. Калі пачаўся «Саюдзіс», Наўседа ў дзейнасці кампартыі не ўдзельнічаў», — сказана ў каментары.
У адказе таксама паведамляецца, што «ў анкеце кандыдата ў прэзідэнты пытанне аб партыйнай прыналежнасці знаходзіцца ў той частцы, запаўняць якую неабавязкова».