«Праплывалі паміж дамамі, ішлі над затопленым парніком». Байдарачнікі скарысталі паводку, каб адкрыць «Полацкую Венецыю»
Разліў Дзвіны ў Полацку адкрыў новыя магчымасці для воднага турызму, і гэтым адразу скарысталіся ўдзельнікі клуба аматараў актыўнага адпачынку «Байдарачнікі Полаччыны». Новы маршрут «У пошуках Рагвалода», або «Полацкая Венецыя», дазволіў ім убачыць родны горад з незвычайнага ракурсу.
05.04.2023 / 20:51
«Такога ўзроўню вады за 13 гадоў нашага хаджэння на байдарках яшчэ ніколі не было, — расказаў выданню Gorod214.by інструктар воднага паходу Ігар Загрэкаў. — Мы заплывалі ў агароды, ішлі паміж дамамі і над затопленым парніком, па алеях парку і па бярозавым гаі вакол пагружаных у ваду дрэў. Усюды лодка праходзіла выдатна, практычна нідзе не садзіліся на мелізну».
Байдарачнікі спусціліся на ваду ў раёне Полацкай ЦЭЦ. Далей прайшлі па рацэ Палаце, пад Чырвоным мостам і пад мастком у раёне Сафійскага сабора. Затым пераплылі Дзвіну, з боку новага моста зайшлі ў парк каля Кургана Бессмяротнасці, праплылі па яго тэрыторыі да пляжа і вярнуліся назад у цэнтр Полацка.
Гэты маршрут, як растлумачылі ўдзельнікі паходу, цікавы таксама з гістарычнага пункту гледжання. Калісьці тэрыторыя парку была востравам, у X стагоддзі на гэтым месцы легендарны скандынаўскі падарожнік і хрысціянскі місіянер Торвальд Кодрансан, паводле легенды, заснаваў манастыр Святога Іаана Прадцечы. Як мяркуецца, у гары каля царквы Іаана ў Полацку Торвальд быў і пахаваны.
Паўторныя сплавы новым маршрутам будуць арганізаваныя па вечарах 5, 7 і 9 красавіка. Байдарачнікі заклікаюць далучацца да іх дружнай кампаніі, каб вывучаць і пазнаваць родную Полаччыну разам.
Чытайце таксама:
Дзвіна ставіць рэкорды, у Полацку яна ўжо перасягнула крытычную адзнаку