«Радыё Свабода» створыць забаўляльнае тэлебачанне, якое хоча прыцягнуць зорак накшталт Максіма Галкіна
Фундаваная ўрадам ЗША арганізацыя RFE/RL, у якую ўваходзіць «Радыё Свабода» і тэлеканал «Настоящее время», стварае забаўляльнае тэлебачанне, паведамілі чатыры крыніцы «Агенцтва» і пацвярджае RFE/RL. Да працы над ім прапануецца прыцягнуць расійскіх зорак, у тым ліку Максіма Галкіна.
06.04.2023 / 09:31
Банер з назвай платформы выстаўлялі ў студзені пры адкрыцці рыжскага офіса RFE/RL
Паводле крыніц, забаўляльнае тэлебачанне — гэта платформа Votvot. Банер з назвай платформы выстаўлялі ў студзені пры адкрыцці рыжскага офіса RFE/RL. Платформа таксама згадвалася ў паведамленні аб адкрыцці рыжскага офіса, аднак ніякіх іншых дэталяў пра яе тады не паведамлялася.
Votvot прадставіць недаступны ўнутры Расіі культурны кантэнт, у тым ліку сатыру без цэнзуры, музыку выгнаных і забароненых выканаўцаў, дакументальныя фільмы на вострыя тэмы, а таксама навіны, паведаміў «Агенцтву» прадстаўнік RFE/RL.
Ён таксама ўдакладніў, што Votvot будзе бясплатна даступны ва ўсіх асноўных крамах мабільных дадаткаў і Smart TV, а таксама ў сацыяльных сетках, уключаючы YouTube.
Два суразмоўцы «Агенцтва», знаёмыя з тым, што адбываецца на «Радыё Свабода», чулі пра планы запрасіць сатырыка Максіма Галкіна. Адзін з іх распавёў, што да працы над платформай прыцягнуты сцэнарыст і пісьменнік Міхаіл Ідаў («Лондоград», «Духless 2», «Лета»).
«Радыё Свабода» на пытанне, ці вяліся перамовы з Галкіным і ці зʼявіцца ён на новай платформе, паведаміла, што «з вялікай павагай ставіцца да Максіма Галкіна, але цяпер ён не ўдзельнічае ў гэтай ініцыятыве». Міхаіл Ідаў супрацоўнічае з вяшчальнікам як дарадца.
Платформа Votvot павінна запрацаваць ужо ў гэтым месяцы, распавёў адзін з суразмоўцаў.
Пасля пачатку вайны расійскія зоркі, якія выступаюць супраць вайны, сутыкнуліся з масавай адменай сваіх канцэртаў. Іх таксама прыбралі з эфіраў.