Сі Цзіньпін паабяцаў Макрону падтрымаць французскі мірны план па Украіне
На сустрэчы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам у Пекіне старшыня КНР Сі Цзіньпін заявіў, што зацягванне канфлікту ва Украіне нанясе шкоду ўсім бакам. У сувязі з гэтым кіраўнік Кітая зноў заклікаў да спынення агню і заявіў, што Пекін гатовы падтрымаць любы мірны план Парыжа, які прывядзе да палітычнага ўрэгулявання канфлікту, паведамляе выданне South China Morning Post.
07.04.2023 / 20:03
«Палітычнае ўрэгуляванне — адзіны правільны выхад. Што тычыцца Украіны, то Кітай ніколі не займаўся гэтым пытаннем з пазіцыі асабістых інтарэсаў, а заўсёды выступае за сумленнасць і справядлівасць», — сказаў Сі Цзіньпін.
На яго думку, зацікаўленыя бакі павінны ісці насустрач адзін аднаму і ствараць умовы для ўрэгулявання.
Эмануэль Макрон разам з кіраўніцай Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен 5 красавіка прыбыў з трохдзённым візітам у Кітай. Як раней пісала выданне Politico, адной з мэтаў візіту французскага лідара было дасягненне таго, каб Кітай пераглядзеў рашэнне аб супрацоўніцтве з Расіяй.
Аднак, як піша тое ж выданне, Макрону не ўдалося змяніць пазіцыю Кітая наконт Украіны і дамагчыся ад Сі асуджэння дзеянняў Расіі. У сумеснай заяве дзвюх краін абцякальна гаварылася аб падтрымцы Кітаем і Францыяй намаганняў па ўсталяванні міру ва Украіне на аснове міжнароднага права і Статута ААН.
Чытайце таксама:
Макрон папрасіў Сі Цзіньпіна пераканаць Расію
У Кітаі заявілі, што не падтрымліваюць ваенную агрэсію Расіі і не прызнаюць Крым расійскім