Дакументы, што трапілі ў публічны доступ, паказваюць, што ЗША атрымліваюць інфармацыю з амаль кожнай расійскай спецслужбы

Прааналізаваўшы дакументы ЗША і NATO, якія трапілі ў публічны доступ, журналісты New York Times прыйшлі да высновы, што амерыканцы маюць выдатныя крыніцы ў расійскім Генштабе і ў спецслужбах РФ, адкуль атрымліваюць сакрэтныя звесткі. А вось ад сваіх украінскіх калег яны атрымліваюць менш інфармацыі.

09.04.2023 / 13:23

Сакрэтныя дакументы Пентагона дэманструюць, наколькі глыбока ЗША ўдалося ўкараніцца ў расійскія службы бяспекі і выведкі, піша New York Times, якая прааналізавала матэрыялы, якія выцеклі ў сеціва.

З іх вынікае, што ЗША так ці інакш атрымліваюць інфармацыю з амаль кожнай расійскай спецслужбы. Напрыклад, у адным з дакументаў з пазнакай «цалкам сакрэтна» абмяркоўваюцца планы расійскага Генштаба ў супрацьдзеянні танкам, якія краіны NATO пастаўлялі Украіне.

З матэрыялаў таксама вынікае, што амерыканскія спецслужбы ў рэжыме рэальнага часу папярэджвалі ўкраінскія ўлады пра час нанясення ўдараў Расіяй і нават пра канкрэтныя цэлі гэтых нападаў, і такім чынам давалі магчымасць Украіне прыняць абарончыя меры.

Справаздачы выведкі паказваюць і на тое, што Злучаныя Штаты сочаць за найвышэйшым вайсковым і палітычным кіраўніцтвам Украіны. Гэта адлюстроўвае спробы Вашынгтона атрымаць дакладнае ўяўленне аб ваеннай стратэгіі Украіны.

«Гэтыя матэрыялы пацвярджаюць ідэю, даўно агучаную прадстаўнікамі выведкі: ЗША маюць больш дакладнае ўяўленне пра расійскія вайсковыя аперацыі, чым пра ўкраінскія планы», — піша NYT.

Чытайце таксама:

У сацсеткі трапілі планы ЗША і НАТА па падрыхтоўцы ўкраінскага наступу

Аляксей Данілаў пракаментаваў інфармацыю пра магчымыя напрамкі контрнаступу і яго тэрміны

Кіраўнік Пентагона: Украіна мае добрыя шанцы на паспяховае контрнаступленне

Nashaniva.com