Абразаеце сад? Не спяшайцеся выкідаць галінкі дрэваў і кустоў. Яны могуць дапамагчы пры розных хваробах

Лекавыя ўласцівасці галінак вярбы, слівы, грушы, маліны, парэчкі.

16.04.2023 / 15:56

Вярба: кара як лекавы сродак

Галінкі гэтага дрэва масава зразаюцца напярэдадні царкоўнага свята. Але мала хто ведае, што іх можна выкарыстоўваць і ў лекавых мэтах.

Вярба змяшчае саліцылін, які ператвараецца ў саліцылавую кіслату. Як вядома, гэтая кіслата — аснова аспірыну. Але не ўсе людзі могуць яго прымаць з-за алергічных рэакцый ці страўнікавага крывацёку. Выдатным заменнікам у такім выпадку з'яўляецца кара вярбы. Для гэтага вясною зразаюць маладыя адросткі даўжынёю 15—20 см, высушваюць і здымаюць кару, якую потым заварваюць. Свае лекавыя ўласцівасці кара захоўвае да 10 гадоў.

Водны настой кары ўжываецца для паніжэння тэмпературы, пры барацьбе з глістамі, у якасці сродку для абязбольвання і супакаення. Ён мае вяжучыя і антысептычныя ўласцівасці і садзейнічае зажыўленню ран.

Адвар з кары дапаможа пры розным кровацячэнні, парушэнні стрававання, запаленнях кішэчніка і страўніка, паносах, рэўматызме, падагры і галаўным болі на нервовай глебе.

Калі ў вас пацеюць ногі і маюць непрыемны пах, то рэкамендуецца рабіць ванначкі з адвару кары вярбы. Адварам палошчуць горла пры запаленнях рота і горла. А парашком кары прысыпаюць раны для спынення крывацёку. Для спынення крывацёку з носа парашок рэкамендуюць уцягнуць у ноздры.

Галінкі парэчак як лекавы сродак

Не спяшайцеся выкідваць і абрэзаныя галінкі парэчкі. Адвар з чорнай парэчкі добра дапамагае пры захворваннях верхніх дыхальных шляхоў, дыярэі, малакроўі, нервовым знясіленні, цыстыце, болях галавы і захворваннях нырак.

Адвар з галінак чорнай парэчкі дапамагае змагацца з бяссоннем і галаўным болем, лечыць гастрыт з паніжанай кіслотнасцю. А вось калі кіслотнасць павышаная, ды яшчэ і пякотка, то лепш зрабіць адвар з чырвонай ці белай парэчкі. Адвар з галінак чырвонай парэчкі дапаможа пры рэўматызме, мочакаменнай хваробе і камянях у жоўцевым пузыры.

Адвары з галінак і пупышак парэчкі выкарыстоўваюць пры дыятэзе, захворваннях вачэй і дэрматытах.

Дзякуючы багатаму складу вітамінаў і хімічных рэчываў, адвар з парэчкі добра чысціць сасуды, паляпшае абмен рэчываў і павышае ахоўныя ўласцівасці арганізма.

Маліннік і яго лекавыя ўласцівасці

Пажылыя людзі могуць згадаць, як даўней іх паілі адварам з малінніку, які бралі проста з агарода. Маліннік валодае адхарквальнымі, бактэрыцыднымі і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі. Ён эфектыўна спраўляецца з кашлем, насмаркам, бранхітам, ангінай, ларынгітам, трахеітам і фарынгітам.

Акрамя гэтага адвар — добры сродак прафілактыкі атэрасклерозу, гіпертаніі, інфаркту і інсульту, бо пашырае і ўмацоўвае сценкі сасудаў, чысціць іх ад лішку халестэрыну, выводзіць таксіны, нармалізуе згусальнасць крыві.

Добра дапаможа адвар з малінніку пры пякотцы і расстройстве жывата.

У народзе размяклыя кавалачкі заваранага малінніку жавалі і прыкладалі да высыпання герпесу.

Аднак нельга піць адвар, калі ёсць мочакаменная хвароба, падагра, захворванні стрававальнага тракту, парушэнні функцыі нырак і праблемы са шчытападобнай залозай.

Адвар з галінак ігрушы

Карысным будзе адвар і з галінак грушы. Але ў адрозненне ад малінніку, які пʼюць адразу пасля прыгатавання, патрабуецца, каб адвар з галінак грушы пасля 15 хвілін кіпячэння ноч адстаяўся. Пасля яго працэджваюць, падаграваюць і пʼюць як сродак прафілактыкі прастудных хвароб па траціне шклянкі за паўгадзіны да ежы. Таксама ён дапамагае пры лячэнні цукровага дыябету і яго прафілактыцы (курс займае ад месяца да шасці).

Калі піць такі адвар рэгулярна на працягу шасці месяцаў, то можна працягнуць маладосць арганізма, бо ён ачышчае кроў, зніжае запаленне ў суставах, дапамагае змагацца з астэахандрозам, паляпшае страваванне, нармалізуе артэрыяльны ціск.

Яго рэкамендуецца піць пры высокай тэмпературы і інфекцыях страўнікава-кішачнага тракту, пры падагры, кашлі, удушшы, сухотах.

Асабліва карысны — адвар з галінак дзічкі. Ён умацоўвае імунную сістэму, эфектыўны пры камянях у мачавым пузыры і захворваннях нырак.

Сліва

Адвар з галінак слівы — добры сродак для дэзынфекцыі, таму выкарыстоўваецца для гаення ран, моцных апёкаў, язваў. Цёплым адварам намочваюць тканіну і накладаюць на хворае месца. Затым забінтоўваюць і пакідаюць на 5—6 гадзін. Так паўтараюць штодня да поўнага загойвання.

Прыём адвару як напою паляпшае працу страўніка, пазбаўляе ад расстройства жывата і нармалізуе стул. Ён дапаможа пазбавіцца ад таксінаў і ёсць добрым мачагонным сродкам.

Адвар з галінак слівы — добры сродак і пры захворваннях рэпрадукцыйнай сістэмы: ён памяншае болі пры месячных, нармалізуе менструальны цыкл, дапамагае пры інтэнсіўных выдзяленнях.

Звычайна адвар рэкамендуюць прымаць ранкам і вечарам курсамі па два тыдні з перапынкам на 2—3 тыдні.

Звяртаем вашу ўвагу, што перад пачаткам лячэння народнымі сродкамі неабходна параіцца з доктарам.

Чытайце яшчэ:

Чарамша — скарбніца вітамінаў. Вось што з яе можна гатаваць і як вырошчваць

Дрожджы дапамогуць павысіць ураджайнасць і захаваць ураджай

Як правільна абразаць гартэнзію. І чым яна можа быць карысная, акрамя хараства

Nashaniva.com