Грошы з рэкламы не ў дзяржСМІ будзе атрымліваць і журфак БДУ — новы ўказ Лукашэнкі
10 красавіка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №98. У ім удакладняецца, як будуць размяркоўвацца сродкі ад рэкламнага збору, які абавязаныя плаціць тыя, хто рэкламуецца не ў дзяржаўных СМІ.
11.04.2023 / 11:33
У гэтым указе ў новай рэдакцыі выкладаецца ўказ №131 ад 2022 года, які тычыцца рэкламнага збору. Нагадаем, летась быў уведзены збор за размяшчэнне рэкламы ў памеры 10% на вонкавую рэкламу і рэкламу на транспарце і 20% ад кошту паслуг у іншых выпадках. Збор аплачваецца рэкламадаўцамі і накіроўваецца на падтрымку дзяржаўных медыя.
У новым указе ўдакладнены пералік тых, каму і на што гэтыя грошы пойдуць (у ранейшай рэдакцыі гаварылася проста пра дзяржаўныя рэдакцыі агулам і фінансаванне вытворчасці нацыянальнага кантэнту).
Так, сабраныя сродкі атрымаюць дзяржаўныя рэдакцыі на вытворчасць нацыянальнага кантэнту, дзяржТБ — на пакупку абсталявання, праграмнага забеспячэння і тэхнічнае перааснашчэнне фондаў, а таксама БелТА і «Дом прэсы».
Грошы з рэкламы атрымае і журфак БДУ — на арганізацыю навучання і пакупку тэлеабсталявання.
Нядаўна было анансавана, што на журфак з гэтага года не будуць набіраць студэнтаў на платныя месцы.
Размяркоўваць сродкі будзе камісія, створаная Міністэрствам інфармацыі.
Чытайце таксама:
Дэканам журфака БДУ паставілі палітолага, які спецыялізуецца на антызаходняй прапагандзе
«Навошта?» Прапагандысты прызналіся, што стаміліся апраўдваць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі
Факультэт журналістыкі БДУ значна скарачае набор і адмяняе платныя месцы