Сафія Сапега дала згоду на экстрадыцыю ў Расію

Расійскі консул у Беларусі ў панядзелак наведаў расіянку Сафію Сапегу, асуджаную да шасці гадоў калоніі, і атрымаў ад яе згоду на экстрадыцыю. 

12.04.2023 / 12:01

Наступным этапам экстрадыцыі і яе тэхнічнымі дэталямі займаюцца расійскія і беларускія праваахоўныя органы.

У пачатку красавіка адвакат Сапегі Антон Гашынскі расказваў, што ў Беларусі запушчана працэдура экстрадыцыі. Тэлеграм-канал Baza паведамляў, што бацькі Сапегі падалі хадайніцтва ў Мінюст аб пераводзе дачкі ў расійскую калонію. Паводле звестак Baza, беларускі бок даў сваю згоду на перавод, і зараз сям'я Сапегі чакае суда, які вызначыць тэрмін пакарання ў Расіі.

У чэрвені 2022 года Сафія Сапега, абвінавачаная ў распальванні варожасці і незаконным зборы звестак аб прыватным жыцці, прасіла аб памілаванні, аднак суд у Беларусі ёй адмовіў.

Сапегу затрымалі ў маі 2021 года разам з Раманам Пратасевічам пасля вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair, якім яны ляцелі з Афін у Вільню. У маі 2022 года Сапегу асудзілі да шасці гадоў калоніі.

Nashaniva.com