Ва Украіне кіраўніку беларускай кампаніі пагражае да трох гадоў абмежавання волі за нясплату падаткаў
Падольская акруговая пракуратура Кіева выставіла абвінавачанне грамадзяніну Беларусі Сяргею Краўчанку, які кіраваў кампаніяй «Сэрвіс Ойл» — буйным даччыным прадпрыемствам «Беларуснафты», якое ва Украіне аказвала паслугі ў сферы здабычы нафты і прыроднага газу, паведамляе «Радыё Свабода».
12.04.2023 / 18:14
Следчыя падазраюць беларуса ў наўмысным пазбяганні падаткаў, у выніку чаго дзяржаўны бюджэт Украіны нібыта недаатрымаў 60 мільёнаў грыўняў.
Паводле следства, з 2017 да 2020 год кампанія «Сэрвіс Ойл» нібыта пералічыла на рахункі «Беларуснафты» больш за 400 мільёнаў грыўняў (11 млн даляраў паводле афіцыйнага курсу) за арэнду абсталявання, дакладна ведаючы, што з гэтых сродкаў мусілі сплаціць яшчэ і 15 % падатку на прыбытак замежных юрыдычных асоб.
Па выстаўленых абвінавачаннях Краўчанку можа пагражаць буйны штраф, а таксама абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў з пазбаўленнем права на тры гады займаць адказныя пасады ці займацца адпаведнай дзейнасцю.
Як паведамілі «Радыё Свабода» ў пракуратуры Кіева, следчыя звярнуліся ў суд па абранне для Сяргея Краўчанкі меры папярэдняга стрымання ў выглядзе закладу ў памеры нанесенай шкоды, то-бок 60 мільёнаў грыўняў (прыкладна 1,6 мільёна даляраў у эквіваленце). Аднак суд зменшыў памер закладу да 214 720 грыўняў (5,8 тысячы даляраў у эквіваленце). Пракуратура заявіла, што будзе абскарджваць гэтае рашэнне.
Летась Падольская акруговая пракуратура Кіева арыштавала карпаратыўныя правы кампаніі «Сэрвіс Ойл» на суму амаль 4 мільярды грыўняў (110 мільёнаў даляраў ЗША). Статутны капітал прадпрыемства складае амаль 1 мільярд грыўняў (26 мільёнаў даляраў).
Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сэрвіс Ойл» зарэгістравана ва Украіне 27 снежня 2012 года. Яго ўласнікам была дзяржаўная кампанія «Беларуснафта», але пасля ўвядзення супраць яе ў 2021 годзе міжнародных санкцый «Сэрвіс Ойл» была перарэгістравана на ААТ «Пухавічынафтапрадукт».
Чытайце таксама:
Былыя актывы «Беларуснафты» ва Украіне перайшлі Рынату Ахметаву