Дыпламатычныя крыніцы: Васкрасенскі вярзе лухту
У эфіры дзяржаўнага тэлеканала Юрый Васкрасенскі заявіў, што нібыта ў панядзелак адбудуцца перамовы аб абмене палітвязня Андрэя Пачобута на палітыка з апазіцыі Паўла Латушку. Гэтыя заявы не маюць ніякай сувязі з рэальнасцю, заявіла «Нашай Ніве» крыніца ў дыпламатычным корпусе.
14.04.2023 / 10:55
Юрый Васкрасенскі. Скрыншот відэа АНТ
«Гэта пераходзіць ужо ўсякія рамкі, — сказаў «Нашай Ніве» еўрапейскі дыпламат, якога мы папрасілі пра каментарый і які захацеў застацца неназваным. — Гэта не мае ніякай сувязі з рэчаіснасцю. Ëн вярзе лухту».
Юрый Васкрасенскі быў прызначаны лукашэнкаўцамі ў якасці кантактнай асобы для еўрапейскіх дыпламатаў, якія дабіваліся вызвалення палітвязняў. Васкрасенскі мог быць даўнім агентам лукашэнкаўскіх спецслужбаў, засланым у выбарчы штаб Віктара Бабарыкі. Пасля Васкрасенскага на нейкі час змясцілі, імаверна, у той жа ролі ў СІЗА, каб паспрабаваць зрабіць з яго постаць «апазіцыянера, які раскаяўся». Падчас прыезду Лукашэнкі ў СІЗА Васкрасенскага «выпадкова» пасадзілі па правую руку ад яго.
У ролі «дазволенага апазіцыянера» Васкрасенскі фігуруе ў дзяржаўных СМІ і нават на «Усебеларускім народным сходзе». Заходнія дыпламаты былі свядомыя, з кім маюць справу, але, выглядае, вымушаныя весці з ім справы, даваць яму шэнгенскія візы, каб мець шанцы выцягнуць з-за кратаў хоць некага.