«Мне змянілі меру стрымання, таму гэта яшчэ не канец гісторыі». Справа супраць Сяргея Макарэвіча не закрытая
Сяргей Макарэвіч, якога выпусцілі з турмы 12 красавіка, паведаміў у сацыяльных сетках, што яму змянілі меру стрымання, піша «Радыё Свабода». Ён 159 дзён правёў у турме.
16.04.2023 / 09:57
Макарэвіч таксама напісаў, што крымінальныя справы супраць яго не спынілі. «Мне змянілі меру стрымання, таму гэта яшчэ не канец гісторыі», — напісаў ён.
Падрабязнасці справы невядомыя.
Сяргея Макарэвіча затрымалі 4 лістапада пасля ператрусу ў яго дома. Меркавалася, што ён праходзіць па справе «Маёнтка Падароск». Як і фонд «Вяртанне», у якім працаваў Сяргей, «Маёнтак Падароск», ініцыятыва па аднаўленні старой сядзібы пад Ваўкавыскам, фінансаваліся бізнэсоўцам і мецэнатам беларускага паходжання Паўлам Падкарытавым.
Фонд «Вяртанне» падтрымліваў шматлікія праекты беларускай культуры. Ён быў ліквідаваны ў канцы кастрычніка рашэннем Мінскага гарадскога суда разам з іншымі незалежнымі грамадскмі і культурнымі арганізацыямі.