Ілля Міронаў паскардзіўся на варварскі разгром кватэры

Ілля Міронаў напісаў скаргу ў пракуратуру на супрацоўнікаў міліцыі Савецкага РАУС Гомеля, якія сёлета ў сакавіку правялі ператрус у ягонай кватэры з парушэннем заканадаўства.

21.04.2023 / 12:49

Вярнуўшыся дадому 16 красавіка, валанцёр заспеў сваю кватэру ў абсалютна разгромленым стане: разабраная мэбля, раскіданыя рэчы… Як тады адзначыў Ілля, за час усіх ператрусаў так званыя «прадстаўнікі закона» гэтым разам пераўзышлі сябе. Маму актывіста ў той дзень даставілі ў РАУС Савецкага раёна. Гэтыя факты парушэння закона Ілля Міронаў вырашыў не спускаць з рук супрацоўнікам міліцыі Савецкага РАУС, таму напісаў скаргу ў Гомельскую пракуратуру, паведамляе гомельскае выданне «Штодзень».

Ілля Міронаў адзначыў, што да пачатку ператрусу не была паказана пастанова аб яго правядзенні (у выпадку, калі чалавека няма дома, згодна з заканадаўствам, пастанову пад распіску абавязаны паказаць паўналетняму члену сям’і).

«Маёй маці, прысутнай у кватэры падчас ператрусу, пастанова прад’яўлена не была. Такім чынам, можна зрабіць выснову аб парушэнні следчым парадку правядзення ператрусу, — піша Ілля Міронаў у сваёй скарзе. — А калі пастановы прад’яўлена не было, падставы правядзення ператрусу не ясныя. Гэта сведчыць аб парушэнні прынцыпу законнасці».

Па словах Міронава, не была ўручана паўналетняму члену сям’і і копія пратакола ператрусу. І гэта яшчэ адно грубае парушэнне заканадаўства, якое актывіст таксама пазначыў у сваёй скарзе. Але і гэта не ўсё.

«Доказы, атрыманыя з парушэннем парадку, устаноўленага Крымінальна-працэсуальным кодэксам, не маюць юрыдычнай сілы і не могуць быць пакладзены ў аснову абвінавачвання згодна з ч.1 арт. 105 КПК», — указаў гомелец на яшчэ адно парушэнне закона.

Аўтар скаргі акцэнтаваў увагу на тым, што нагляд за выкананнем законаў на ўсіх стадыях крымінальнага працэсу абавязаны ажыццяўляць пракурор. Таксама ён абавязаны прымаць прадугледжаныя законам меры па прадухіленні парушэнняў закона, ад каго б гэтыя парушэнні не сыходзілі.

Нагадаем, толькі за апошнія тыдні Ілля Міронаў адправіў некалькі лістоў у СК з мэтай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці прапагандыстаў Рыгора Азаронка і Андрэя Мукавозчыка.

Чытайце таксама:

Ілля Міронаў падаў новую заяву на прапагандыста Азаронка

Ілля Міронаў падаў заяву на Азаронка. Яе пераправілі ў Цэнтральны апарат СК

Ілля Міронаў, які падаў заяву ў СК на Азаронка, хоча прыцягнуць да адказнасці і Мукавозчыка

Nashaniva.com