У ліпені ў Вільні пройдзе саміт НАТА. Жыхароў горада чакаюць абмежаванні
Доўгі час пра падрабязнасці падрыхтоўкі да саміту НАТА ў Вільні, што пройдзе 11-12 ліпеня, не гаварылі. Цяпер сталі вядомыя некаторыя нюансы: жыхары не змогуць трапіць у Стары горад, будуць зачыненыя і іншыя тэрыторыі ў горадзе, паведамляе Delfi.lt.
21.04.2023 / 13:11
Раней МЗС Літвы раіла жыхарам пакінуць горад на час саміту. Пасля гэтага пра дэталі доўгі час не паведамлялася. Нарэшце муніцыпалітэт падзяліўся некаторымі планамі. «Падрабязная інфармацыя пра абмежаванне руху з'явіцца пазней, па меры набліжэння мерапрыемства. Але ўжо цяпер вядома, што падчас саміту НАТА будзе абмежавана перамяшчэнне ўсіх удзельнікаў руху па Старым горадзе, у межах выставачнага цэнтра Litexpo, на тэрыторыі аэрапорта, у асобных месцах Наўямесціса», — паведамляе муніцыпалітэт.
Праўда, кіроўцы са спецыяльнымі дазволамі ў гэтыя месцы змогуць праехаць. Больш падрабязнасцяў стане вядома пазней.
Таксама 11-12 ліпеня ў радыусе 30 км ад Litexpo будуць забароненыя ўсе палёты. Забарона будзе дзейнічаць з 12 гадзін 11 ліпеня да 14 гадзін 12 ліпеня. Акрамя таго, у ліпені падчас саміту абмяжуюць правядзенне планавых паслуг у бальніцах.
Саміт НАТА ў Літве правядуць упершыню. Гэта будзе найбуйнейшае мерапрыемства ў гісторыі Літвы, чакаюць 40-50 замежных дэлегацый (да 3000 гасцей) і 2000 прадстаўнікоў няўрадавых дэлегацый і замежных СМІ.
Чытайце таксама:
Столтэнберг афіцыйна запрасіў Зяленскага на саміт НАТА ў Вільні