Пасол Кітая паставіў пад сумнеў легітымнасць постсавецкіх дзяржаў

Кіраўнікі МЗС Латвіі, Літвы і Эстоніі адрэагавалі на словы пасла Кітая ў Францыі Лю Шае, які ўсумніўся ў суверэнітэце былых савецкіх рэспублік і заявіў, што «Крым першапачаткова належаў Расіі».

23.04.2023 / 09:36

 

Тэлеінтэрвʼю пасла Кітая ў Францыі Лу Шае. Кадр з відэа

Тэлеінтэрвʼю пасла Кітая ў Францыі Лю Шае швейцарскаму журналісту выклікала шырокі рэзананс.

Адказваючы на ​​пытанне аб тым, ці зʼяўляецца Крым часткай Украіны, Лю Шае сказаў, што ўсё залежыць ад таго, як глядзець на гэтае пытанне. «Перш за ўсё… Крым першапачаткова належаў Расіі, ці не так? А потым Хрушчоў, у савецкія часы, перадаў Крым Украіне», — сказала Шае.

Журналіст запярэчыў, што па міжнародным праве Крым зʼяўляецца часткай Украіны.

Шае адказаў яму, што па міжнародным праве былыя рэспублікі Савецкага Саюза не маюць ніякага статусу. «У міжнародным праве былыя савецкія дзяржавы нават не маюць статусу… як бы гэта сказаць… фактычнага статусу ў міжнародным праве, таму што няма міжнароднага дагавора, які матэрыялізаваў бы іх суверэнітэт», — заявіў пасол Кітая.

На выказванні кітайскага дыпламата адрэагавалі ў МЗС Латвіі. У панядзелак у міністэрства для тлумачэнняў выклікалі ўпаўнаважанага паверанага ў справах амбасады КНР у Рызе, піша Delfi.

«Беручы пад увагу непрымальныя заявы пасла Кітая ў Францыі аб міжнародным праве і нацыянальным суверэнітэце, Міністэрства замежных спраў Латвіі патрабуе тлумачэнняў», — напісаў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевіч у Twitter.

Remarks by the Chinese Ambassador in France concerning international law and sovereignty of nations are completely unacceptable. We expect explanation from the Chinese side and complete retraction of this statement https://t.co/S937uXJGWJ

— Edgars Rinkēvičs (@edgarsrinkevics) April 22, 2023

Рынкевіч зазначыў, што гэты крок узгоднены з Літвой і Эстоніяй.

Па словах кіраўніка МЗС Літвы Габрыэлюса Ландсбергіса, заява кітайскага дыпламата тлумачыць, чаму Пекін не можа быць пасрэднікам у перамовах па ўсталяванні міру ва Украіне.

«Калі камусьці ўсё яшчэ цікава, чаму краіны Балтыі не давяраюць Кітаю як «пасрэдніку ў дасягненні міру ва Украіне», то вось кітайскі пасол, які сцвярджае, што Крым зʼяўляецца расійскім, а межы паміж нашымі краінамі не маюць ніякіх прававых падстаў», — сказаў ён.

«На працягу многіх гадоў Захад казаў, што эканамічнае супрацоўніцтва пераканае дыктатараў падтрымаць міжнародны парадак, заснаваны на правілах. Але ўсё, што мы рабілі, — гэта кармілі іх эканоміку, дазваляючы ім парушаць усе правілы. Кітай робіць стаўку на тое, што мы паўторым гэтую памылку. Прыйшоў час паспрабаваць нешта іншае», — напісаў Ландсбергіс у Twitter.

For years the West said economic cooperation would persuade dictators to support rules based international order. But all we did was feed their economies while letting them break all the rules. China is betting that we will repeat this mistake. It's time to try something else

— Gabrielius Landsbergis (@GLandsbergis) April 12, 2023

Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна таксама асудзіў словы пасла Кітая.

«Міністэрства замежных спраў Эстоніі плануе выклікаць прадстаўніка КНР у Эстоніі, і, калі спатрэбіцца, праінфармаваць яго аб нашай гісторыі. Наша мэта — даць зразумець, што такія погляды непрымальныя і што Эстонія — суверэнная дзяржава», — сказаў Цахкна.

Чытайце таксама:

Кіраўніца МЗС Германіі заклікала Кітай паўплываць на Расію для заканчэння вайны

Чым тлумачыцца незвычайна пампезны прыём Макрона ў Пекіне

Геапалітычная гульня Кітая: якую ролю выконваюць Пуцін і Лукашэнка?

Nashaniva.com