«Не забудзем, не даруем». ЗША не далі візы расійскім журналістам, міністр Лаўроў паляцеў у Нью-Ёрк адзін

Прэс-сакратарка міністэрства замежных спраў Расіі Марыя Захарава паведаміла, што Злучаныя штаты Амерыкі не выдалі візы супрацоўнікам расійскіх СМІ, якія збіраліся суправаджаць міністра Сяргея Лаўрова ў паездцы ў Нью-Ёрк.

24.04.2023 / 08:15

Захарава апублікавала заяву Лаўрова, зробленую ў аэрапорце перад вылетам расійскай дэлегацыі ў ЗША. Міністр заявіў, што амерыканскі бок, адмовіўшы ў выдачы віз, «збаяўся, зрабіў глупства і паказаў, чаго вартыя яго клятвенныя запэўненні пра абарону свабоды слова».

«Самае галоўнае, будзьце ўпэўненыя: не забудзем, не даруем», — сказаў Лаўроў са зваротам да супрацоўнікаў прапагандысцкіх медыя.

У Расіі паабяцалі, што стаўленне да журналістаў з ЗША будзе «аналагічным» і не павінна быць «ніякіх сумневаў, што амерыканскія журналісты адчуюць на сабе ўвесь дыскамфорт і нязручнасць».

Nashaniva.com