Паўднёвая Афрыка хоча выйсці з-пад юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда

Звязана гэта з нежаданнем арыштоўваць Пуціна на будучым саміце БРІКС.

25.04.2023 / 19:00

Сцяг Паўднёваафрыканскай рэспублікі. Фота: pixabay

Прэзідэнт Паўднёваафрыканскай рэспублікі (ПАР) заявіў аб жаданні кіраўнічай партыі краіны выйсці з-пад юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Пра гэта 25 красавіка паведаміла выданне Al Jazeera.

Гэтая ініцыятыва тлумачыцца нежаданнем арыштоўваць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, які павінен прыехаць у гэтым годзе на чарговы саміт БРІКС. Справа ў тым, што паводле ордара МКС, Паўднёваафрыканская Рэспубліка павінна затрымаць Пуціна адразу пасля яго прыезду ў краіну і перадаць пад суд у Гаазе.

Паводле слоў прэзідэнта ПАР, краіна, нягледзячы на ​​прыняцце да ўвагі неабходнасці арышту Пуціна, лічыць падобнае рашэнне МКС упярэджаным і «несправядлівым у дачыненні да пэўных краін».

«Мы хацелі б, каб гэтае пытанне аб несправядлівым абыходжанні было належным чынам абмеркаванае, але тым часам кіраўнічая партыя вырашыла яшчэ раз, што трэба адмовіцца ад удзелу ў рэалізацыі рашэнняў МКС», — сказаў прэзідэнт ПАР Сірыл Рамафоса.

Пры гэтым Al Jazeera адзначае, што Паўднёваафрыканская Рэспубліка не раз спрабавала аспрэчыць рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда і выйсці з гэтай арганізацыі. 

Яшчэ ў 2016 годзе ПАР адмовіўся арыштоўваць па ордары МКС тагачаснага прэзідэнта Судана Амара аль-Башыра, які тады прыехаў у краіну на саміт Афрыканскага саюза. Пасля гэтага Паўднёваафрыканская Рэспубліка і зусім вырашыла выйсці з МКС, аднак гэтае рашэнне было адмененае судом, які палічыў такі крок антыканстытуцыйным.

Чытайце таксама:

«У адказ на «ніхто з іх не быў асуджаны» — усе яны альбо паўсталі перад судом, альбо памерлі». Юрыст пра ордар на Пуціна

Канстытуцыйны суд Арменіі прыняў абавязанні Рымскага статута. Пуціна могуць арыштаваць?

«Косаўскі Джордж Вашынгтан». У Гаазе судзяць былога прэзідэнта Косава, якога вінавацяць у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці

Nashaniva.com