«Гэта як у фільме жахаў. Мы не ведаем, чаго яны ад нас хочуць». Дзвюх дзяўчын ужо некалькі месяцаў штодня тэрарызуюць чайкі
Дзве дзяўчыны з горада Ньюкасл у Вялікабрытаніі вось ужо некалькі месяцаў сутыкаюцца з анамаліяй: кожны дзень строга ў вызначаны час у іх дом спрабуюць уварвацца агрэсіўныя чайкі. Таямнічую гісторыю дзяўчын 25 красавіка распавяло выданне The Times.
26.04.2023 / 12:48
Фота: Wikimedia Commons
25-гадовая медсястра Джарджына Грэй і 26-гадовая стаматолаг Хэлен Маківер спакойна жылі разам ужо два гады, але пачынаючы з сакавіка гэтага года да іх вокнаў сталі прылятаць чайкі. З таго моманту кожную раніцу, дзень і вечар птушкі няспынна спрабуюць трапіць у іх кватэру.
Гэтыя спробы адбываюцца штодня строга з 6.30 раніцы да 6.30 вечара і суправаджаюцца жорсткім стуканнем па шкле і дзікімі, задушлівымі крыкамі.
«Мы не ведаем, чаго яны хочуць. Гэта як у нейкім фільме жахаў: яны проста сядзяць цэлы дзень, дзіка крычаць, дзяўбуцца так моцна, што аж шкло ледзь вытрымлівае, і вяртаюцца на наступную раніцу а палове на сёмую. Гэта поўны кашмар», — паскардзіліся дзяўчыны.
Па іх словах, супраць чаек не дапамагалі ні выявы катоў на вокнах, ні шыпы супраць птушак. Тыя проста скідалі іх прэч і працягвалі рабіць тое, што і раней.
Хэлен і Джарджына таксама звярталіся па дапамогу да гарадскіх уладаў, але тыя адмовілі, спаслаўшыся на «ахоўны» статус» чаек нават пры ўмове ўзнікнення з-за іх шуму ці беспарадкаў.
«Мы нават ад адчаю вырашылі загугліць, колькі жывуць чайкі, са спадзевам на тое, што яны проста хутка загінуць, але яны жывуць цэлых 20 гадоў!» — абурана адзначылі дзяўчыны.
Прычына гэтай анамаліі дагэтуль невядомая. Дзяўчыны вельмі баяцца, што аднойчы птушкам удасца прабрацца ў іх дом і ўчыніць хаос.
«Калі гэта адбудзецца, мы адразу адтуль пераедзем, а кватэра застанецца гэтым жахлівым птушкам», — падсумавалі Хэлен і Джарджына.
Чытайце таксама:
Зорка інстаграма ўкраінскі кот Сцяпан цяпер жанаты