Валер Булгакаў: Найбольш блізкія беларусам — украінцы, а не літоўцы
Філосаф Валер Булгакаў назваў памылковай думку, якая прасоўваецца апошнім часам некаторымі інтэлектуаламі, што для беларусаў гістарычна найбольш блізкі народ літоўцы. На яго думку, найбольш блізкія беларусам — украінцы. Допіс і яго аргументацыя выклікала вялікую палеміку ў сацыяльных сетках.
26.04.2023 / 21:56
«Адна з дурацкіх ідэй, якая не першы год прасоўваецца нашымі інтэлектуаламі, маўляў, «для беларусаў найбольш гістарычна блізкі народ — літоўцы». Тлумачыцца гэта больш як 600-гадовым сужыццём у адной дзяржаве. Недзе яшчэ глыбей ляжыць сапраўдны базіс такога меркавання: лічыцца, раз народы жылі ў адной дзяржаве, то яны гістарычна блізкія.
Такі падыход хібны: калі кіравацца ім, арабы і яўрэі ў Ізраілі таксама вельмі блізкія, бо жывуць у адной дзяржаве, — напісаў Валер Булгакаў у сябе ў фэйсбуку.
— Або тыя ж самыя літоўцы з рускімі, бо пажылі ў адной дзяржаве без малога 200 гадоў.
У адной дзяржаве шмат стагоддзяў жылі арабы і іспанцы, немцы і яўрэі, і не сказаць, каб гэта іх сур'ёзна зблізіла.
А хто ж тады гістарычна найбліжэйшы народ для беларусаў? — задаецца пытаннем Валер Булгакаў.
— Натуральна, украінцы, з якімі да XV — XVI стагоддзяў у нас была адна пісьмовая мова, а яшчэ пазней — адна нацыянальная ідэнтычнасць».
«Згодны з Булгакавым», — коратка зрэагаваў доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.
«Я прачытаў аглядную кнігу Плахія пра гісторыю Украіны ад скіфаў да Майдану — там ніякія беларусы, Беларусь, ВКЛ, Менск, Вільня бадай што ні разу не згаданыя. Гістарычна Украіна (цэнтральная і ўсходняя) апошнія тры-чатыры стагоддзі існавала ў шчыльнай сувязі з Расіяй і расійскай культурнай прасторай, а Беларусь — з Польшчай і польскай. Карацей, пасьля гэтай і іншых украінскіх гістарычных кніг я адчуў, што мы значна далейшыя, чым гэта можа здавацца. Збліжае нас нейкі паралелізм ад пачатку ХХ стагоддзя, але і там шмат чаго больш уяўнага, чым рэальнага. Тут вельмі вялікую ролю адыгрывае мова. Яна моцна збліжае далейшае (нас і ўкраінцаў) і раздзяляе бліжэйшае (нас і літоўцаў). І гэта моцна ўплывае», — запярэчыў Булгакаву перакладчык і журналіст Сяргей Шупа.
«Пытанне толькі, хто гэтыя «мы», улічваючы, хто валодаў і карыстаўся пісьменнасцю ў XIV-XVI стагоддзях (і наконт «адной» у лінгвістаў зусім не такое адназначнае меркаванне), і якраз гэты самы палітычны і сацыяльны стан ВКЛ пазней (па Любліну асабліва, але, як паказала практыка, і да) не меў адной ідэнтычнасці са шляхтай паўднёвых зямель», — зачапіўся за адно са сцвярджэнняў Булгакава гісторык Кірыл Карлюк.
«У беларусаў і ўкраінцаў у згаданыя часы не было адзінай нацыянальнай ідэнтычнасці па той простай прычыне, што нацыянальнай ідэнтычнасці яшчэ не існавала ўвогуле», — удакладніў этнолаг Павел Церашковіч.
«Валер Булгакаў прасоўвае яшчэ адну дурацкую ідэю большай блізкасці ўкраінцаў, чым палякаў і літоўцаў. На поўначы і захадзе Беларусі разглядаць пра гістарычную блізкасць Украіны проста смешна!», — катэгарычна заўважыў святар Юрый Барок.
«У прынцыпе, так, толькі Украіна вялікая і розная, ёсць і зусім далёкія часткі, а ёсць і такія, дзе нават мяжу цяжка правесці… — пагадзіўся Юрась Пацюпа. — Але галоўнае тое, што менавіта Украіна апошнія два стагоддзі служыла ўзорам для пераймання. Пасля ўкраінскай «Энеіды» з'явілася беларуская, Багушэвіч пажыў ва Украіне і вярнуўся месіяй беларускасці, з Караткевічам адбылося тое самае… Прыклады і паралелі можна доўга пералічаць».
«Кантактаваў з украінцамі, палякамі, балтамі. Ды вось уражанне, што, сапраўды, ментальна мы бліжэйшыя да балтаў, чым да астатніх суседзяў. Уласна, нічога дзіўнага, бо нашая нацыя і паўстала на балцкім субстраце», — напісаў Алесь Барысевіч.
«Для беларусоў самы блізкі народ — вялікарусы. Што і пацвярджаецца Саюзнай дзяржавай і ў тым ліку падтрымкай агрэсіі РФ супраць Украіны, — крытычна заўважыў гісторык Алесь Белы. — А рэальна трэба казаць не пра «народы», а пра цывілізацыйныя матрыцы. Выбар фактычна толькі паміж дзвюма: Расійскай Імперыяй і Рэччу Паспалітай. Украінская вайна стала каталізатарам адраджэння Рэчы Паспалітай як рэгіянальнага блоку. Як праект, яна сёння выразна аформілася. І Літва, і Украіна туды ўваходзяць. І яны бліжэйшыя адна да адной, а таксама да Польшчы, чым любая з іх да Беларусі. Рэальная Беларусь ад усіх гэтых трох краін бясконца далёкая», — мяркуе Белы.
«Сучасны паспаліты беларус найбольш падобны да расейца», — напісаў перакладчык Аляксандр Пяткевіч.
«Палякі. А ментальна — славакі. Мо эстонцы яшчэ. Цяпер не XVI стагоддзе», — палярна мяркуе гісторык Уладзімір Шыпіла.