З чэрвеня большасць еўрапейцаў спыняць працу з Беларуссю па «Зялёнай карце»

Беларускае бюро па транспартным страхаванні (ББТС) і страхавыя кампаніі папярэджваюць пра тое, што з 1 чэрвеня 2023 года больш за 30 еўрапейскіх краін спыняюць узаемаадносіны з Беларуссю ў міжнароднай сістэме страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў «Зялёная карта».

26.04.2023 / 22:07

Фота ілюстрацыйнае

Краіны, з якімі такія ўзаемаадносіны будуць больш немагчымыя — усе дзяржавы Еўрасаюза, а таксама Ісландыя, Нарвегія, Швейцарыя і Вялікабрытанія.

«У сувязі з гэтым дамовы страхавання «Зялёная карта» з тэрыторыяй дзеяння гэтых краін могуць заключацца пры ўмове, што заканчэнне тэрміну іх дзеяння не перавышае 31 мая 2023 года», — гаворыцца на сайце ББТС.

Дамовы страхавання, заключаныя на тэрмін, які перавышае гэтую дату, будуць аўтаматычна спыненыя 31 мая ў 23 гадзіны 59 хвілін.

«З 1 чэрвеня ўладальнікі транспартных сродкаў пры паездках за межы Рэспублікі Беларусь павінны будуць заключаць дамову памежнага страхавання на тэрыторыі краіны ўезду», — адзначаецца ў паведамленні.

Nashaniva.com