«Ён у хірургіі». Віктар Бабарыка насамрэч шпіталізаваны

Штаб Віктара Бабарыкі ўдакладніў чуткі пра шпіталізацыю ў бальніцу Наваполацка свайго лідара. Ім удалося пацвердзіць гэтую інфармацыю. Але іншыя падрабязнасці пакуль не вядомыя. 

27.04.2023 / 09:32

Віктар Бабарыка, 2020 год

У Наваполацкай цэнтральнай гарадской лякарні журналістам «Радыё Свабода» таксама пацвердзілі, што Віктар Бабарыка знаходзіцца ў іх. «Бабарыка ў хірургіі», — адказалі ў шпіталі без іншых акалічнасцяў.

Учора «Рабочы рух» распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што былы кіраўнік Белгазпрамбанка і ўдзельнік выбарчай кампаніі трапіў у бальніцу.

Святлана Ціханоўская выступіла з заявай наконт гэтага.

«Мы патрабуем публічна прадэманстраваць у якім ён [Бабарыка] стане. Мы патрабуем допуску адвакатаў і сваякоў да яго.

Любыя іншыя дзеянні будуць трактавацца як наўмыснае прычыненне шкоды жыццю і здароўю», — напісала Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале.

Віктар Бабарыка цяпер у наваполацкай калоніі. Ён быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года. У ліпені 2021 года яму прысудзілі 14 год калоніі — па артыкулах 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам) і 430 (атрыманне хабару).

З аповедаў іншых палітвязняў вядома, што з Бабарыкам ім забараняюць камунікаваць. Працаваць яго паставілі на выпальванне драўнянага вугалю. Гэтая праца лічыцца адной з самых цяжкіх у калоніі.

З 9 лютага пра яго няма інфармацыі.

Nashaniva.com