Ілан Маск паабяцаў пазначаць у Twitter усіх, у тым ліку сябе, хто будзе распаўсюджваць хлусню на платформе
Пры гэтым дакладных крытэрыяў для вызначэння праўды і хлусні мільярдэр не абазначыў.
28.04.2023 / 09:17
Мільярдэр і ўладальнік Twitter Ілан Маск 27 красавіка напісаў у сваім акаўнце, што будзе даваць спецыяльную пазнаку ўсім, хто будзе распаўсюджваць ілжывую інфармацыю на платформе.
У спіс патэнцыйных хлусоў ён у тым ліку ўключыў журналістаў, рэкламадаўцаў, лідараў краін і нават самога сябе.
Такім чынам Маск вырашыў адрэагаваць на крытыку аднаго з журналістаў у адрас вядомага звольненага тэлевядучага Такера Карлсана, які займаўся прасоўваннем расійскай прапаганды і фэйкаў.
«Любы, хто робіць ілжывыя заявы ў Twitter, будзе спецыяльна пазначаны супольнасцю. Будзь гэта я, вы, рэкламадаўцы, Такер, ды хоць сам кіраўнік дзяржавы. Ніякіх выключэнняў», — напісаў мільярдэр, каментуючы крытыку аднаго з журналістаў у адрас Такера Карлсана.
Пры гэтым Маск не абазначыў дакладных крытэрыяў або прынцыпаў, па якіх ён ці яго платформа будуць вырашаць, што будзе праўдай, а што хлуснёй.
Разам з тым у сацсетцы было заўважана іншае: напрыклад, зняцце абмежаванняў з твітар-акаўнтаў расійскіх уладаў і прапагандыстаў, а таксама зніжэнне рэйтынгаў любых публікацый пра вайну ва Украіне.
Апроч гэтага, у шматлікіх вядомых асоб і незалежных СМІ, у тым ліку і ў «Нашай Нівы», зніклі сінія верыфікацыйныя птушкі, а ў профілях памерлых людзей, наадварот, раптам з'явіліся.
Чытайце таксама:
Сацсетка Twitter стала ўразлівай для расійскіх троляў пасля рэформаў Ілана Маска
99% расійскіх фэйкавых акаўнтаў сацсеткі пакідаюць некранутымі — сакрэтныя дакументы ЗША