«Мне падабалася партызаніць». Былы палітвязень з Дзяржынска расказаў аб сваёй дзейнасці, а пасля прэс-хаце і прэсаўшчыках
Аляксандр Бабко разам з паплечнікамі размаляваў у колеры беларускага нацыянальнага сцяга цюкі з сенам. На адным з іх намалявалі перакрэсленага таракана. Мужчыну пакаралі 1 годам калоніі агульнага рэжыму. Ён кажа: калі б яго не схапілі, то працягнуў бы партызаніць.
30.04.2023 / 14:27
Аляксандр Бабко. Фота з яго ўласнага архіва
«Хацеў адмовіцца, але не змог, каб не палічылі баязліўцам»
Аляксандр Бабко — былы фігурант рэзананснай «справы цюкоў» і палітвязень.
Яго вызвалілі з магілёўскай турмы 16 мая 2022 года. Расказаць пра сваё нявольніцкае жыццё ён не мог 11 месяцаў, бо знаходзіўся ў Беларусі. За ім, як былым асуджаным, вялося прэвентыўнае назіранне. Яго рэгулярна наведваў участковы. Трапіць паўторна за краты Аляксандр мог у любы момант.
«Калі быў пад следствам, то мяне дапытвалі па іншых эпізодах пратэснай актыўнасці, але доказаў у міліцыянтаў не было. Тады яшчэ яны былі патрэбныя. Цяпер жа могуць скруціць і без іх», — кажа Аляксандр.
38-гадовы Аляксандр цяпер у бяспецы і спадзяецца, што яго аповед пра нявольніцкае жыццё адкрые свету парадкі, якія пануюць за кратамі і тое, як лукашысты абыходзяцца са зняволенымі.
Ён прабыў у няволі 8,5 месяца. Яго вызвалілі раней, бо да суда ўтрымлівалі пад вартай.
Аляксандр кажа, што абстаноўка ў краіне за гэты час змянілася. У адносінах з людзьмі адчуваецца напружанне. Яны стараюцца меней камунікаваць адзін з адным. Многіх пасадзілі, але родныя баяцца казаць пра гэта.
«Ведаю беларускамоўных людзей, якія цяпер стараюцца не гаварыць па-беларуску. Баяцца. Кепска стала», — адзначае Аляксандр.
Расфарбаваныя пратэстоўцамі цюкі з сенажом у полі пад Дзяржынскам. Скрыншот з відэа МУС
Аляксандр 1 верасня 2021 году з шасцю паплечнікамі ў полі пад Дзяржынскам пры шашы Мінск—Брэст размаляваў чырвонай і чорнай фарбамі больш за 80 упаковак з сенажом. Удзельнікаў акцыі схапілі там жа, у полі. Бабко мяркуе, што сярод іх быў агент, які выдаў іх.
Аляксандр прызнаецца, што гэта была не першая яго акцыя пратэсту. На кожнай ён рызыкаваў быць затрыманым. Пагаджаючыся паўдзельнічаць у расфарбоўцы цюкоў, прадчуваў, што яго схопяць. Некалькі разоў хацеў адмовіцца, але не наважыўся.
«Я не прыслухаўся да свайго адчування, бо не мог змірыцца з тым, што іншыя ўдзельнікі палічаць баязліўцам. Няволі не баяўся. Неяк у газеце са сканвордам, ужо ў турме, трапілася ілюстрацыя цюка з сенам, дык на ім намаляваў чырвоную паласу. Тады ж дарогаю на поле ўсё мне было падазрона…» — згадвае ён.
На размалёўку цюкоў пратэстоўцы адводзілі сабе сем хвілін. Адзін аднаго не выпускалі з-пад увагі. Перагукваліся ды падказвалі, дзе засталіся нерасфарбаваныя цюкі. Калі скончылі справу і падыходзілі да шашы, да іх выскачылі ўзброеныя аўтаматамі сілавікі ў чорнай і зялёнай уніформе. Скруцілі, пачапілі кайданкі на рукі і сталі біць.
Такія знакі ставілі сілавікі, калі затрымалі пратэстоўцаў у полі. Фота Аляксандра Бойкі
«Білі па твары, у грудзі. Усё цела потым было ў сіняках. Адзін ударыў мяне ў траўмаванае маё калена, а калі ляжаў, нагой па твары, а потым стаў на галаву. Я адчуў як камяні ўціскаюцца ў яе. Было балюча. Усім малявалі крыжы на спінах, рукі, размалёўвалі і патыліцы», — расказвае Аляксандр.
Жанчын не білі, але тапталіся па руках.
«Станавіліся нагамі на нашы рукі, калі ляжалі на зямлі. Але яна была мяккая, дык рукі правальваліся ў яе», — адзначае Аляксандр.
Дарогай у Дзяржынскі аддзел міліцыі зняволеных не білі, а падчас допыту зневажалі.
«Прэсаўшчыкоў адпускалі на волю, расплачваліся алкаголем і грашыма»
Пасля вобшуку Аляксандра кінулі без штаноў у прэс-хату дзяржынскага ізалятара. Пазней ён даведаўся, што штаны загадалі зняць усім затрыманым на полі. Іх аддалі толькі праз 5 дзён.
Яму не прыносілі перадачы.
У прэс-хаце двое крымінальнікаў выбівалі са зняволеных патрэбныя следству паказанні, а таксама, прызнанні ў іншых супрацьпраўных учынках ды дамагаліся выдання ўтоеных рэчавых доказаў.
«Гэта былі асуджаныя да строгага рэжыму з калоніі ў Навасадах. Адтуль 40 чалавек вазілі па турмах. Нехта з іх пагадзіўся стаць «прэсаўшчыком», а нехта «качкай», каб падслухоўваць гутаркі сукамернікаў», — кажа Аляксандр.
Аляксандр Бабко, калі яго затрымалі ў полі. Скрыншот з відэа МУС
Прэсаўшчыкі выконвалі загады адміністрацыі вязніцы. За такую працу ім давалі магчымасць пабываць на волі. Расплачваліся алкаголем. У камеру вярталіся з гарэлкай і нападпітку. Таксама прэміявалі грашыма. Былі іншыя бонусы. Ахоўнікі камунікавалі з імі як з прыяцелямі, кажа Аляксандр.
Прэсаўшчыкоў з яго камеры звалі Андрэй (ён меў татуіроўку баксёра з надпісам «boxer» на спіне) і Алі. Абодвум было за 35 гадоў. Яны не хавалі, што за выкананыя «заказы» з імі расплачваюцца, адзначае суразмоўца.
«Калі я зайшоў у камеру, то яны прывіталі мяне словамі «Саша, давно тебя ждём». Дзве гадзіны білі: па твары, целе, выкручвалі вушы.
Адзін прапаноўваў са смехам легчы з ім на нары. У камеры стаялі два пластмасавыя кубкі, на адным быў намаляваны певень, а на другім напісанае слова «петушок». Калі п’еш з іх, то становішся апушчаным — зняволеным з нізкім сацыяльным статусам», — апавядае Аляксандр.
У камеры акрамя двух прэсаўшчыкоў былі яшчэ двое нявольнікаў. З імі таксама «папрацавалі». Адзін прызнаўся, што скраў у роднага брата вокны.
У прэс-хаце Аляксандр прабыў тры дні. Прэсаўшчыкі зразумелі, што ад яго не даб’юцца толку збіваннем, таму пераключыліся на знявагі.
Аднаго з прэсаўшчыкоў, кажа наш суразмоўца, кожны дзень выводзілі з камеры. Аднойчы ён вярнуўся і сказаў свайму «калегу», што дадзены загад «папрацаваць» з яшчэ адным зняволеным.
«Сказаў, што будзем даваць х…й яму сасаць і апускаць усяляк. Яны прэсавалі першаходаў і стараходаў», — падкрэслівае былы палітвязень.
Ахоўнікі ніяк не рэагавалі на тое, што адбывалася ў камеры.
«Ім было без розніцы. Рабілі выгляд, што не чуюць і не бачаць, хаця ў камеры ёсць відэаназіранне», — заўважае Аляксандр.
«Было холадна і вільготна. Поўзалі слімакі»
Аляксандр кажа, што ў камеры было холадна. Яму даводзілася падціскаць ногі, каб нацягнуць на іх кофту. Уначы кожныя 20 хвілін яго падымалі ахоўнікі і ён ім мусіў назвацца. Удзень дазвалялася сядзець толькі на жалезнай лаўцы. Яна была халоднай і яе вуглавыя часткі ўядаліся ў цела.
«Прэсаўшчыкі смяяліся з мяне і называлі папугаем. Калі ахоўнікі дазволілі класціся, то мне не было чым накрыцца, бо коўдру мне не далі. І я зноў мёрз. Даводзілася прысядаць, адціскацца», — расказвае Аляксандр.
Перасякаўся ў няволі Аляксандр і з «качкамі», якія спрабавалі яго разгаварыць, але іх ён «абломваў», бо хутка выкрываў, хто яны ёсць.
«Выкарыстоўваў розныя хітрыкі, каб выявіць, хто сядзіць са мною ў камеры. У адной «качкі» была татуіроўка з ваўком, які вые пад ялінай. Яго звалі Аляксандр», — успамінае суразмоўца.
Аляксандр Бабко. Фота з яго ўласнага архіва
Следства па справе цюкоў доўжылася амаль 5 месяцаў. У дзеяннях пратэстоўцаў пракурор Яраслаў Ларычаў і суддзя Вікторыя Суднік угледзелі злоснае хуліганства, учыненае групай асобаў з выключным цынізмам, якое прывяло да знішчэння чужой маёмасці, хоць ніякае сена не было знішчанае. Зрабілі выгляд, што справа не палітычная.
Пратэстоўцам прысудзілі розныя тэрміны абмежавання і пазбаўлення волі. Аляксандру далі 1 год калоніі агульнага рэжыму.
За час у няволі ён пабываў, акрамя дзяржынскага, у жодзінскім, стаўбцоўскім ды нясвіжскім ізалятарах.
У нясвіжскай вязніцы не было прыбіральні і нявольнікі спаражняліся ў вядро, таму ў камеры дужа смярдзела. Было холадна і вільготна. Поўзалі слімакі, з якімі Аляксандр забаўляўся, назіраючы за іх жыццём.
«Ведалі, што Украіна трымаецца»
Калі пачалася вайна ва Украіне, Аляксандра ўтрымлівалі ў жодзінскім ізалятары. Ён кажа, што нявольнікі па рознаму паставіліся да такой навіны. Нямала было тых, хто абыякава ставіўся да яе. Але былі і тыя, хто перажываў за Украіну.
Не хапала інфармацыі, што дзеецца ў свеце.
«Я крычаў, каб нам далі паслухаць радыё. Бывала, што нам уключалі яго. Па ім казалі не тое, што хацелі чуць, але мы ўмелі з агучанага выбіраць інфармацыю. Ведалі, што Украіна трымаецца. Мы выпытвалі навіны ў новых зняволеных. Мы вельмі хваляваліся за ўкраінцаў і беларусаў, якіх Лукашэнка і Пуцін штурхаюць да злачынства», — згадвае ён.
Былы палітвязень лічыць, што вайна зрабіла ўкраінцаў, а з імі і беларусаў, якія не апускаюць рук і не зняверваюцца, мацнейшымі.
«У Беларусі нельга адкрыта пра вайну гаварыць, але шмат людзей кажуць у сваім коле пра тое, што дзеецца ў суседняй краіне і называюць імёны вінаватых», — адзначае ён.
10 сакавіка 2022 года Аляксандра з Жодзіна этапавалі ў магілёўскую турму №4.
Сярод іншых, Аляксандр сядзеў з палітвязнем Міхаілам Лупаносавым, братам экс-супрацоўніка ГУБАЗіК Станіслава Лупаносава, які яшчэ падчас службы супрацоўнічаў з BYPOL і ў снежні 2020 года выехаў ва Украіну. Міхаіла адправілі на 2,5 года на «хімію» за нібыта «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу».
«Вярнуся ў вольную Беларусь»
Пра перажытае Аляксандр не шкадуе. Кажа, што незадаволенасць парадкамі ў краіне пачалася задоўга да пратэстаў 2020 года. Да іх жа далучыўся, бо больш не змог цярпець несправядлівасць.
На яго погляд, краіна трапіла ва ўладу чыноўніцкай усёдазволенасці і беспакаранасці, а з бясчынствамі сілавікоў, асабліва ў глыбінцы, простыя людзі сутыкаліся пастаянна. Пасля выбараў 2020 года ім далі неабмежаваныя паўнамоцтвы, што прывяло да маштабнага тэрору.
Аляксандр кажа, што задумаўся пра сітуацыю ў краіне ў 2017 годзе, калі ўлада выдумала прычыну змагацца з «дармаедамі». Яго абурыла, калі Лукашэнка назваў жанчын «свінаматкамі».
Мужчына мяркуе, што народу ў 2020 годзе не хапіла рашучасці.
«Трэба было ў 2020 годзе не станавіцца на лаўкі ў шкарпэтках… Толькі так трэба было. Як яны білі і здзекаваліся з нас…» — разважае ён.
Аляксандр кажа, што «яму падабаецца партызаніць, бо ён беларус». Ён працягваў «сваё змаганне», нават у 2021 годзе, калі пратэсты былі задушаныя.
«Калі б мяне ў полі не забралі, то працягнуў бы барацьбу. Сваім учынкам з цюкамі я выказваў сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў Беларусі, а таксама дэманстраваў, што ёсць людзі, якія працягваюць пратэставаць», — адзначае былы палітвязень.
Цяпер Аляксандр уладкоўвае сваё жыццё на чужыне і запэўнівае, што абавязкова вернецца на радзіму:
«Буду вяртацца толькі ў свабодную Беларусь. Разам з усімі».
Глядзіце яшчэ:
«Толку ад маралі, якая не вызваляе людзей?» Былы дыпламат Мацукевіч заклікае да перамоў з Лукашэнкам