Раману Пратасевічу далі 8 гадоў калоніі. Але пакуль пакінулі пад хатнім арыштам
Сёння Мінскі абласны суд агучыў прысуд па справе Nexta. Раман Пратасевіч асуджаны да 8 гадоў калоніі, Сцяпан Пуціла да 20 гадоў, Ян Рудзік да 19 гадоў. Пуцілу і Рудзіка судзілі завочна, яны знаходзяцца за мяжой.
03.05.2023 / 12:08
Раман Пратасевіч на абвяшчэнні прысуду. Фота: БелТА
Пракурор прасіла для Пратасевіча 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд Пуцілу і Рудзіку быў такі, як і прасіла пракурор Наталля Сакалова. Пратасевіч прыйшоў у суд з рэчамі, але яго пакуль не ўзялі пад варту, суд пакінуў хатні арышт да разгляду апеляцыі.
Суд прызнаў пазоў намесніка генеральнага пракурора Беларусі на суму блізу 30 мільёнаў рублёў, яго разгледзяць асобна, у парадку грамадзянскага судаводства, піша «Спутник».
Суд па справе Nexta пачаўся 16 лютага.
Паведамлялася, што аўтарам Nexta ставіцца ў віну не менш за 1586 злачынстваў паводле дзясятка артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку:
— распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК Беларусі);
— арганізацыя масавых беспарадкаў, навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх (ч. 1 і ч. 3 арт. 293 КК Беларусі);
— арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх (ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК Беларусі);
— публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акта тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК Беларусі);
— стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраванне ім (ч. 1 арт. 361-1 КК Беларусі);
— паклёп і публічная абраза Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367, ч. 2 ст. 368 КК Беларусь).
Акрамя таго, Пуцілу і Рудзіка ў розным спалучэнні абвінавацілі ў здзяйсненні наступных злачынстваў:
— змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК Беларусі);
— фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-2 КК Беларусі);
— дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 КК Беларусі).
Генпракуратурай у інтарэсах дзяржавы заяўлены пазоў на больш чым 30 мільёнаў рублёў.
Раман Пратасевіч прызнаў віну. У апошнім слове каяўся і прасіў не пазбаўляць яго волі, заяўляў, што паплечнікі яго выкарысталі і здалі беларускім уладам. Таксама ён аспрэчваў памер шкоды і тое, што быў кіраўніком экстрэмісцкіх арганізацый.
Раман Пратасевіч быў затрыманы разам з Сафіяй Сапегай 23 мая ў выніку прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair рэйсам Афіны — Вільня. Нейкі час знаходзіўся ў СІЗА, а затым пад хатнім арыштам.
Чытайце таксама:
Пратасевіч у апошнім слове каяўся і прасіў не пазбаўляць яго волі
Прапагандысты спыталі ў Пратасевіча, ці вярнуўся б ён у Беларусь, «калі б цяпер быў беглым за мяжой»