СМІ паказалі наступствы пажараў на расійскіх нафтабазах у Тамані і Севастопалі

Спадарожнікавыя здымкі наступстваў пажару на базе кампаніі «Таманьнафтагаз» побач з расійскім портам Тамань і на нафтабазе ў порце Севастопаля апублікавала «Радыё Свабода».

05.05.2023 / 14:49

На здымку бачны пашкоджаны агнём рэзервуар з палівам. Журналісты таксама атрымалі доступ да спадарожнікавых фатаграфій з высокай якасцю, якія больш падрабязна паказваюць маштаб пашкоджанняў нафтабазы ў порце анексаванага Севастопаля, атакаванай 29 красавіка.

На адным са здымкаў відаць, што прынамсі два рэзервуары, якія засталіся цэлымі, атрымалі пашкоджанні ў выніку гарэння суседніх.

Што папярэднічала гэтаму, згадвае «Украінская праўда».

3 мая ў пасёлку Хваля Краснадарскага края, размешчаным каля порта Тамань і непадалёк ад Крымскага моста, загарэлася нафтабаза. Прычыны — невядомыя.

29 красавіка ў Казачай бухце Севастопаля беспілотнік ударыў па нафтабазе і яна загарэлася.

А ўжо 4 мая ў тым самым Краснадарскім краі загарэўся рэзервуар Ільскага нафтаперапрацоўчага завода. На гэты раз вядома, што пажар успыхнуў у выніку пападання беспілотніка.

Nashaniva.com