Пачаўся суд над гродзенскім вэб-дызайнерам Глебам Койпішам. Яго судзяць у Мазыры
5 мая суд Мазырскага раёна пачаў разглядаць справу палітзняволенага дырэктара гродзенскай студыі вэб-дызайну «Іквадарт» Глеба Койпіша аб замене яму рэжыму адбыцця пакарання на больш строгі, піша «Гомельская вясна».
05.05.2023 / 15:05
Глеб Койпіш
Ён павінен быў выйсці на волю ў жніўні 2023 года, цалкам адбыўшы прызначанае яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хіміі».
Справу разглядае суддзя Анатоль Стрэльчанка.
Глеба Койпіша затрымалі 25 жніўня 2021 у Гродне. Дома ў яго, а таксама ў студыі, быў праведзены ператрус. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). 9 снежня суд Ленінскага раёна Гродна вынес яму прысуд: два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. 14 сакавіка 2022 Глеб пачаў адбываць пакаранне ў Мазыры, у ПУАТ №21.
МУС 28 кастрычніка 2022 г. уключыў палітзняволенага ў «Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».
У Глеба Койпіша была магчымасць да ўступлення прысуду ў сілу з’ехаць з краіны, аднак ён прыняў рашэнне застацца.