На вялікія выхадныя Беларусь накрыла хваля расійскіх турыстаў
Як і звычайна, на вялікія выхадныя, абвешчаныя ў Расіі, у Беларусі адчуваецца вялікі наплыў турыстаў з-за ўсходняй мяжы.
07.05.2023 / 14:11
Чарга турыстаў у Мірскім замку. Пераважная іх большасць — расіяне. Фота: сацсеткі
Такая карціна не зусім унікальная, яна характэрная для ўсіх апошніх гадоў. Але ў гэтым годзе такі наплыў гасцей з усходу адчуваецца асабліва, бо для расіян пасля развязвання імі вайны ва Украіне і наступных накладзеных абмежаванняў магчымасці знешняга турызму значна скараціліся.
Нават уведзены днямі беларускім бокам пагранічны кантроль на расійска-беларускай мяжы калі на гэты працэс і паўплываў, то не прынцыпова.
Паводле сведчанняў жыхароў Мінска, звязаных з турыстычным бізнэсам, такую колькасць людзей, напрыклад, у Траецкім прадмесці ці на Востраве Слёз, рэдка калі даводзіцца ў беларускай сталіцы бачыць. Натоўп у мінскім Верхнім горадзе амаль як на Старамесцкай плошчы ў Празе. А аўтобусам каля Мінскай ратушы няма дзе паркавацца.
Мінск. Фота: сацсеткі
Расіян у гэтых натоўпах — пераважная большасць, што відаць нават з таго, што часта можна пачуць, як яны з цяжкасцю чытаюць беларускамоўныя надпісы і перакручваюць іх.
Паводле сведчанняў людзей, якія з імі кантактавалі, Мінск расіянам падабаецца, водгукі на яго звычайна толькі хвалебныя.
Мінск. Фота: сацсеткі
Экскурсійныя туры для расіян у Беларусь звычайна ўключаюць наведванне не толькі сталіцы, але і Мірскага ды Нясвіжскага замкаў. Там таксама цяпер адзначаюцца вялікія чэргі, фоты якіх трапляюць і ў інтэрнэт.
Чытайце таксама:
На Гомельшчыне з'явіцца турыстычны маршрут па Чарнобыльскай зоне