Крысціна Ціманоўская расказала, колькі зарабляе і чаму наўрад ці вернецца выступаць за Беларусь
Бягуху запрасілі прайсці дэтактар хлусні ў эфіры «Белсата» і задалі нязручныя пытанні.
07.05.2023 / 19:21
Скрын відэа перадачы «Шчыра кажучы»
У Крысціны Ціманоўскай спыталі, ці пагадзілася б яна вярнуцца ў Беларусь зараз пры ўмове заробку 15 тысяч даляраў. Тая адказала, што не.
«Калі казаць толькі пра спорт, узяць суму: кантракты, спонсары плюс заробак на камерцыйных спаборніцтвах, — то гэта сума, большая за 15 тысяч даляраў», — дадала яна пра свой заробак цяпер.
Ціманоўская кажа, што нават калі б улада ў Беларусі змянілася найбліжэйшым часам, яна не стала б выступаць за Беларусь. Бягуха тлумачыць: па правілах, калі змяняеш спартовае грамадзянства, ёсць трохгадовы каранцін на выступленні. У Крысціны ён скончыцца праз год і некалькі месяцаў.
«Мне будзе 26. Калі ўявім, што ў наступным годзе ў Беларусі змяняецца ўлада і нам трэба вярнуцца, я вяртаюся і зноў падаю запыт на змену спартовага грамадзянства. І мне зноў прысуджаюць каранцін тры гады. І ў выніку я з яго выйду ў 30-гадовым узросце, калі кар'ера ўжо будзе ісці да заканчэння, і ў суме атрымаецца, што шэсць год я проста страчу».
Ліст за сумленныя выбары Ціманоўская падпісала, ужо калі прыехала ў Польшчу. На тое ў яе былі прычыны.
«Наконт гэтага ў нас былі сур'ёзныя высвятленні адносін у маёй сям'і. Я проста паабяцала бацькам не падпісваць, бо там былі розныя моманты, калі мама магла страціць працу, бацька ў мяне інвалід, ён не працуе. Што я магла зрабіць? Я магла толькі ў той сітуацыі падтрымаць сваю сям'ю і не зрабіць яшчэ горш, бо мама і так цягнула ўсіх на сабе», — падзялілася спартоўка.