Што вядома пра былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра, якога дапытвалі па справе аб здрадзе дзяржаве?
Знаёмыя Мікалая Зайца расказалі пра яго больш. Ён выдаў зборнік беларускага рэпу ў 14 гадоў, адшукаў інфармацыю пра 10 пакаленняў сваіх сваякоў.
09.05.2023 / 13:09
Мікалай Заяц. Фота: асабісты архіў
25-гадовы Мікалай Заяц мае дзве вышэйшыя адукацыі. Ён скончыў факультэт журналістыкі БДУ і Акадэмію кіравання, а таксама мае ступень MBA. Дадаткова навучаўся ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце і Вышэйшай школе эканомікі. Падчас навучання кіраваў дэбат-клубам на факультэце журналістыкі. Цікавіўся вывучэннем карпаратыўных выданняў, рыхтаваў манаграфію, а ў 2020 годзе стаў лаўрэатам расійскага студэнцкага конкурсу па даследаванні карпаратыўных медыя.
У юнацтве Мікалай захапляўся беларускамоўнай рэп-музыкай. На пачатку 2010-х адміністраваў першы беларускамоўны хіп-хоп-партал. З 2012 года кіраваў праектам «Лэйбл MZ production», які займаўся прасоўваннем беларускай музыкі.
А ў 14 гадоў выдаў CD-зборнік беларускамоўнай рэп-музыкі «Жалуды». У інтэрнэт-дадатку да выдання, сярод іншых, былі трэкі і вядомых рэп-музыкаў, Макса Каржа і гурта ЛСП, якія падрыхтавалі для зборніка свае кампазіцыі на беларускай мове. Асноўны дыск прадаваўся ў крамах.
У 18 гадоў Мікалай стаў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся арганізацыяй канцэртаў у Мінску, падтрымліваў маладых беларускамоўных выканаўцаў. За актыўнасць у сферы культуры ў 2018 годзе ён стаў лаўрэатам стыпендыі імя Аркадзя Смоліча.
Фота: zbsunion.by
Некалькі год таму хлопец рыхтаваўся да арганізацыі беларускамоўнага джаз-фестывалю, але каранавірус перашкодзіў планам.
Мікалай супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ: Tut.by, БелТА, Белтэлерадыёкампаніяй і іншымі. Пісаў на тэмы культуры і мастацтва, а таксама на грамадска-палітычныя. У 2019-м быў акрэдытаваны ў якасці журналіста для працы ў Данецку, двума гадамі раней — у Прыднястроўі. У 2017 годзе запісаў размову з экс-прэзідэнтам Польшчы Лехам Валенса для Tut.by.
Мікалай Заяц. Фота: асабісты архіў
Прэс-сакратаром Купалаўскага тэатра ён стаў улетку 2020-га. У жніўні быў адпраўлены ў прастой, а ў сакавіку 2021-га, не выходзячы з прастою, быў звольнены. Паралельна быў піяр-спецыялістам у Чырвоным Крыжы.
Хлопец прадстаўляў сацыяльна-экалагічны праект, які адправіў на перапрацоўку дзясяткі тон пластыкавых накрывак. На атрыманыя сродкі купляліся медычныя сродкі для дзяцей з цяжкімі захворванням. У 2021 годзе на перапрацоўку было накіравана больш за 50 тон пластыку і атрымана больш за 20 тысяч рублёў.
Мікалай Заяц. Фота: асабісты архіў
На пачатку восені 2020 года на факультэце журналістыкі БДУ, які скончыў Мікалай, пачаўся палітычны пераслед студэнтаў і выкладчыкаў. Малады чалавек быў сярод тых, хто ініцыяваў перамовы з кіраўніцтвам факультэта.
У апошнія гады Мікалай захапіўся генеалогіяй і краязнаўствам. З блізкімі ён дзяліўся сваімі напрацоўкамі, вёў тэлеграм-канал. Там ён распавядаў, што знайшоў інфармацыю аб звыш чым 1200 сваяках, даведаўшыся інфармацыю аб 10 пакаленнях «углыб».
Па словах Мікалая, усе яны — беларусы-сяляне, якія нарадзіліся і выраслі на беларускіх землях. Па словах Мікалая, яго продкі сябравалі са знакамітым палескім родам Скірмунтаў.
Адзін з апошніх запісаў у Instagram у Мікалая — пра беларускую мову. Вось што ён пісаў у сувязі са святкаваннем Дня роднай мовы:
«Калі я вучыўся ў звычайнай рускамоўнай школе ў Мінску, для мяне было прынцыповай справай весці дзённік і канспект па гісторыі Беларусі не як усе на рускай мове, а па-беларуску. Дзённік — твар вучня, а гісторыю Беларусі я зусім не ўяўляю на любой іншай мове — сінхронна перакладаў лекцыі. Аднойчы за такую дзёрзкасць мяне выклікалі да дырэктара.
Калі я працаваў у сакратарыяце Беларускага Чырвонага Крыжа, калега «прад'яўляла» мне за тое, што я насіў вопратку з нацыянальнымі элементамі.
Калі я праходзіў сумоўе на пазіцыю дырэктара па камунікацыях аднаго з буйных аўтадылераў у Беларусі, у мяне, чалавека з дзвюма вышэйшымі адукацыямі і MBA, спыталі: «Почему в ваших соцсетях так много белорусского языка?»
На жаль, гэтых «калі…» было шмат.
Я ведаю імёны кожнага са сваіх продкаў пачынаючы ад XVIII стагоддзя. Усе яны беларусы і карысталіся беларускай мовай як хатняй.
Нешта не так сёння ў нашым грамадстве з роднай мовай…»
Мікалая затрымалі 13 сакавіка. Спачатку яму далі 12 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля накінулі яшчэ 14 (абодва разы судзілі за тое, што ён нібыта «размахваў рукамі ў РУУС»). Па словах сукамернікаў, паведамляла «Зеркало», хлопца дапытвалі па справе аб здрадзе дзяржаве. Невядома, ці выстаўленае Мікалаю абвінавачанне па ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), але калі так, яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
«Купалаўцы» прадставяць новы праект — пра 1930-я. Паглядзець можна будзе ўжывую і анлайн