Андрэй Пачобут дапускаў, што яго могуць расстраляць
Пра гэта «Нашай Ніве» расказаў былы вязень, які перасякаўся з Андрэем Пачобутам у гродзенскай турме.
10.05.2023 / 11:49
Андрэй Пачобут. Фота: sb.by
«Пачобут быў у стойкім стане духу, — кажа вязень. — У той жа час ціск на яго быў вялікі. У прыватнасці, ён дапускаў, што яму прысудзяць вышэйшую меру пакарання».
Вязень не ведае, гэта было дапушчэнне Пачобута ці гэтым вязня страшылі.
Андрэй Пачобут таксама дапускаў, што палітвязняў могуць расстраляць у выпадку ўступлення Беларусі ў вайну.
Перасякаўся былы вязень і з гродзенскім журналістам і грамадскім дзеячам Паўлам Мажэйкам. Яго таксама спрабуюць зламаць: па надуманых падставах кідаюць у ШІЗА. Мажэйка, па словах вязня, пачаў насіць акуляры, трохі хварэў, але трымаецца выключна мужна.
У выключна катавальных умовах у турме трымалі людзей з «групы Аўтуховіча», зняволенне цяжка давалася Любові Разановіч, кажа былы вязень. Яна жонка праваслаўнага святара з-пад Брэста, у якога Аўтуховіч нейкі час начаваў. Арыштавалі і асудзілі на гіганцкія тэрміны і самога святара, і яго жонку, і сына.
«Псіхозы — звычайны стан свядомасці чалавека ў турме, з улікам таго, у якіх умовах там трымаюць людзей лукашысты, — кажа вязень. — Псіхатычныя прыступы там здараюцца нярэдка. У некаторых псіхіка проста едзе. Я сядзеў з адным такім палітвязнем (прозвішча ёсць у Рэдакцыі. — НН)».
Праваабарончы рэсурс dissidentby.com усяго ў турме Гродна на сёння налічвае 84 палітвязняў, але гэтыя лічбы няпоўныя, бо не ўсе імёны вядомыя. Сярод зняволеных у Гродне, у прыватнасці, 19-гадовая Аніта Бакуновіч.
Па словах былога вязня, утрыманне ў катавальных умовах моцна мяняе людзей. Большасць з іх напаўняе прага помсты і аднаўлення справядлівасці. Многія, хто да турмы меў памяркоўныя погляды, робяцца настроенымі радыкальна, кажа былы вязень, які асабіста перасякаўся з дзясяткамі палітычных.
Чытайце таксама:
Лукашэнка адказаў, на каго гатовы абмяняць палітвязня Пачобута
Сакрэт нязломнасці. Андрэй Пачобут, закладнік Аляксандра Лукашэнкі, святкуе 50-годдзе ў турме