Ячэджан — хрумсткія карэйскія бліны з гароднінай, якія падымуць вам настрой
Пакаштуйце ўсяго кавалачак, і вы зразумееце, чаму многія карэйцы пякуць гэтыя пікантныя бліны, калі дрэннае надвор'е ці калі проста трэба палепшыць настрой.
13.05.2023 / 07:43
Карэйскія бліны з гароднінай. Фота: lookcatchu.com
На карэйскай мове yachae абазначае гародніна, а jeon — бліны. Каб прыгатаваць карэйскія бліны з гароднінай, вам спатрэбіцца:
- 1 шклянка кабачка, парэзанага сярэдняй саломкай,
- 1 шклянка морквы, таксама парэзаная сярэдняй саломкай,
- 2 шклянкі нашаткаванай зялёнай капусты,
- палова маленькай нарэзанай жоўтай цыбуліны,
- 7 пёраў зялёнай цыбулі, нарэзаных палоскамі каля 4 см.
Для цеста:
- 1 шклянка мукі,
- палова шклянкі кукурузнага ці бульбянога крухмалу,
- 1 чайная лыжка разрыхляльніку,
- палова чайнай лыжкі солі,
- 1,5 шклянкі халоднай вады (можа спатрэбіцца менш).
Дадаткі:
- соевы соус,
- кунжут.
Як гатаваць:
- Змяшайце сухія інгрэдыенты для цеста. Паступова дадавайце халодную ваду, пакуль сумесь не стане такой кансістэнцыі, як цеста для бліноў.
- Дадайце нарэзаную гародніну ў цеста і добра перамяшайце.
- На патэльню з антыпрыгарным пакрыццём налівайце алей, пакуль ён не пакрые ўсё дно. Выкладзіце 1,5 шклянкі цеста на патэльню і размяркуйце яго тонкім пластом. Гатуйце 4—5 хвілін або да залацістага, хрумсткага карычневага колеру.
- Перавярніце і дадайце 1 сталовую лыжку алею па краі бліна. Хай смажыцца яшчэ 3—4 хвіліны або да залацістага, хрумсткага карычневага колеру. Перавярніце яшчэ раз і дайце абсмажыцца на працягу 1 хвіліны. Перакладзіце блін на талерку для астывання.
- Разрэжце блін на дзевяць частак, падавайце з падліўкай з соевага соусу і атрымлівайце асалоду!
Парады:
- Цеста павінна быць даволі густым, таму залішне не перамешвайце, каб яно не атрымалася занадта мягкім.
- Абавязкова выкарыстоўвайце халодную ваду, каб цеста заставалася як мага больш халодным, і хутка пачынайце гатаванне бліноў. Гэта дапаможа атрымаць лепшую тэкстуру. Вы таксама можаце прыгатаваць цеста загадзя і астудзіць яго ў халадзільніку да выкарыстання.
- Блін павінен атрымацца хрумсткі звонку і мяккі ўнутры. Для ідэальнай хрумсткай тэкстуры выкарыстоўвайце шмат алею. У адваротным выпадку бліны будуць больш мяккія — што таксама нядрэнна, калі падаваць іх маленькім дзецям.
- Не пераварочвайце блін занадта рана. Пачакайце, пакуль ніз не стане залацістым і храбусткім.
- Замест прапанаванай гародніны можна ўжыць і іншую. Гэта можа быць брокалі, квяцістая капуста, балгарскі перац, гарох, кукуруза, а таксама бульба, грыбы і морапрадукты (крэветкі і кальмары). Пры жаданні можна дадаць і яечны бялок.
- Калі выкарыстоўваеце здробненую гародніну, адцісніце з яе як мага больш соку.
Больш рэцэптаў:
Рэцэпт на выхадныя. Англійскія аладкі піклеты — новы варыянт смачнага сняданка
Рэцэпт на выхадныя. Аладкі з бананам і беконам — цікавае спалучэнне
Латкес: як яўрэйская страва запазычыла назву ад беларускіх аладак. І нашмат даўжэйшая гісторыя