Культавы мінскі кафэтэрый «Цэнтральны» стане асобнай кампаніяй

Культавы кафетэрый, размешчаны на першым паверсе ўніверсама «Цэнтральны», стане асобнай кампаніяй, вынікае з базы звестак адзінага партала фінансавага рынку, паведамляе «Спутнік».

11.05.2023 / 13:17

Універсам «Цэнтральны». Люты 2023 года, Мінск. Фота: Realt.by

ЗАТ «Універсам Цэнтральны» рэарганізавалася і вылучыла новую юрыдычную асобу — ТАА «Цэнтральнае кафэ». Яна ўжо ўнесеная ў адзіны дзяржрэгістратар ІП і юрыдычных асоб. Але пакуль у Гандлёвым рэестры не адлюстравана, што гэтая фірма будзе кіраваць знакамітым кафетэрыем.

Вылучэнне адбываецца на фоне праблем у ЗАТ. Раней яно было афіляванае з сеткай крам «Дамашні», якая зачынілася ў 2021 годзе з-за даўгоў. Пасля гэтага памяшканне ўніверсама «Цэнтральны» здалі ў арэнду сетцы «Еўраопт».

Але культавым кафетэрыем працягнула кіраваць ЗАТ «Універсам Цэнтральны». У апошні час у кампаніі не было страт. Напрыклад, па выніках мінулага года чысты прыбытак склаў 110 тыс. рублёў, а ў першым квартале цяперашняга — 283 тыс.

Аднак на «Цэнтральным» нямала паручыцельстваў на карысць былой сеткі «Дамашні». Кампанія паручалася як па крэдытнай лініі Белгазпрамбанка, так і па аблігацыях. Калі «Дамашні» зачынялі, «Цэнтральны» з дапамогай дадатковага пагаднення абмежаваў сваё паручальніцтва па аблігацыях кампаніі «Гама Рытэйл», якая была адной з асноўных юрыдычных асоб «Дамашняга».

Праз гэта некаторыя трымальнікі каштоўных папер не змаглі атрымаць грошы ад «Цэнтральнага». Нядаўна Мінфін паведаміў, што цяпер яны зноў могуць звяртацца, бо дадатковае пагадненне скасаванае паводле суда. Менавіта неўзабаве пасля гэтага паведамлення была створаная новая кампанія ТАА «Цэнтральнае кафэ».

Пры гэтым памяшканне ўніверсама па-ранейшаму выстаўленае на продаж. Аб'ява пра гэта некалькі гадоў вісіць на сайце «НП-Сэрвіс» (кошт — блізу 7 млн даляраў без ПДВ). Паводле апошніх звестак, кампанія звязаная з «Цэнтральным» праз саўладальніка Івана Беразоўскага.

Установа на першым паверсе ўніверсама «Цэнтральны» ў Мінску існуе амаль 70 гадоў. Яе адкрылі ў 1954 годзе, пасля рамонтаў у інтэр'еры да гэтага часу захаваныя каляровыя барэльефы. Гэта месца даволі папулярнае з-за магчымасці легальна спажыць недарагое спіртное ў цэнтры горада, а таксама з-за кандытарскіх вырабаў.

Напрыклад, толькі «Цэнтральны» мае права вырабляць торт «Мара» па асаблівай рэцэптуры. Больш за тое, кампанія некалькі гадоў таму запатэнтавала гэтую назву.

Nashaniva.com