Беларусаў, якія адкрылі бізнэс за мяжой, падтрымалі грашыма
Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA) вызначыла пераможцаў прэміі «Бізнэс вольнай Беларусі». Пяць кампаній з беларускімі каранямі атрымала па пяць тысяч еўра. Спонсарам узнагароды стаў Еўрасаюз, яшчэ адну намінацыю грашыма падтрымаў сустваральнік платформаў «Голас» і «Новая Беларусь» Павел Лібер, паведамляе «Белсат».
12.05.2023 / 15:24
Прэзідэнт ABBA Яўген Буры віншуе Настассю Валасевіч, сузаснавальніцу познанскай кавярні «My» («Мы») падчас узнагароджання пераможцаў прэміі Free Belarus Business Award. 11 мая 2023 года. Варшава, Польшча. Фота: «Белсат»
За ўзнагароды першай прэміі, абвешчанай ABBA дзеля падтрымання беларускіх бізнэсоўцаў, якія пасля 2020-га апынуліся за мяжой, выказала жаданне пазмагацца 70 кампаній з розных сфер — ад будаўнічых прадпрыемстваў да бухгалтарскіх кабінетаў і дызайнерскіх бюро.
Пасля просьбы запоўніць анкету засталося чатыры дзясяткі, з якіх міжнароднае журы абрала фіналістаў. Дзеля бесстароннасці арганізатары паклікалі ў камісію толькі адну беларуску — Паліну Прысмакову з Фларыдскага атлантычнага ўніверсітэта.
«Гэта не быў конкурс стартапаў, — распавяла Прысмакова падчас цырымоніі. — У адказах анкеты мы шукалі, па-першае, наколькі бізнэс беларускі, а ягоныя каштоўнасці супадаюць з каштоўнасцямі ABBA як асацыяцыі. Па-другое, наколькі бізнэс этычны».
Да фіналу дабралася 12 кампаній, сярод якіх былі лагістычная, праектант адзення і распрацоўшчык мабільнага дадатку пра аюрведу. Пераможцамі ў тым ліку сталі анімацыйная міні-студыя з Вільні, кветкавая інтэрнэт-крама з Эстоніі, кавярня з польскай Познані і клінінгавая кампанія Cleanwhale. Апошняя кампанія, адкрытая братамі Іванам і Ільёй Шыламі яшчэ ў Беларусі, пасля 2020-га пачала працаваць у Еўропе, і, мяркуючы па шматлікіх інтэрв’ю яе заснавальнікаў, вельмі паспяхова.
Узнагароду Cleanwhale ўручаў беларускі прадпрымальнік з ЗША Віталь Самсонаў, які патлумачыў, што для беларускіх фірмаў зараз надзвычай важныя дзве рэчы: выйсці на міжнародны рынак і застацца беларусамі ды захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, каб падтрымаць беларускую справу.
Неўзабаве літара «A» ў назве Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой не будзе патрэбная, а беларусы вернуцца на радзіму і працягнуць сваю справу там, дадаў Самсонаў.
У сваёй асабістай партнёрскай намінацыі Павел Лібер абраў медыка-касметалагічны кабінет, адкрыты беларусамі ў Польшчы.
Паводле слоў віцэ-прэзідэнткі ABBA Марыны Гірын, заявак з Польшчы журы атрымала найбольш.
Чалец журы Якуб Дрождж з Інстытута эканамічнай дыпламатыі прызнаўся «Белсату», што такі сталы прырост фірмаў з беларускім капіталам — як грашовым, гэтак і людскім — стаў асабліва назірацца пасля запуску Польшчай праграмы Poland Business Harbour, спачатку прысвечанай Беларусі, а пазней і іншым краінам за ўсходняй мяжой.
«Беларусы хутка інтэгруюцца з польскім грамадствам. Яны вывучаюць правілы вядзення бізнэсу, вельмі хочуць тут працаваць і сустракаюць прыязных палякаў, якія ім дапамагаюць. Што патрэбна беларусам? Напэўна, спецыяльныя праграмы, якія будуць дапамагаць пазнаваць польскае права, сістэму падаткаў і тое, як можна хутка перанесці бізнэс у Польшчу», — кажа ён.