Лянівыя варэнікі з тварагу
Калі ў назве стравы ёсць слова «лянівы», цяжкасцяў з гатаваннем не будзе.
21.05.2023 / 10:56
Лянівыя варэнікі, або пярогі. Фота: everyday-delicious.com
Лянівыя варэнікі — папулярная страва славянскай кухні, асабліва ўкраінскай, дзе наогул культывуюцца варэнікі і галушкі. У Польшы гэта «лянівыя пярогі», якія могуць гатаваць як з тварагу, так і з бульбы.
Перавага лянівых варэнікаў у параўнанні з сырнікамі і тварожнымі запяканкамі — пры іх гатаванні тварог не смажыцца, а варыцца, а таму ежа атрымліваецца больш дыетычнай.
Вам спатрэбіцца:
- 300 г тлустага тварагу,
- 1 яйка,
- соль,
- цукар (калі хочаце, каб варэнікі атрымаліся салодкімі),
- 1 сталовая лыжка крухмалу ці бульбяной мукі,
- каля 1/2 шклянкі пшанічнай мукі.
Як гатаваць:
- Пакладзіце тварог у міску з яйкам і дробкай солі (і цукрам, калі дадаяце) і старанна разамніце яго, каб не было камякоў. Таксама можна пракруціць тварог (без яйка) на мясарубцы. Для лянівых варэнікаў часам выкарыстоўваюць сметанковы сыр тыпу рыкоты — яго здрабняць не трэба, можна адразу змешваць з яйкам.
- Пасыпце дошку пшанічнай мукой (прыкладна 1-2 сталовыя лыжкі), выкладзіце на яе тварог з яйкам, зверху прасейце бульбяную муку і астатнюю пшанічную.
- Змяшайце інгрэдыенты ў шар. Падзяліце яго на дзве часткі і зрабіце з кожнай рулет, пры неабходнасці падпыліце мукой. Потым разрэжце кожны рулет наўскос на кавалачкі.
- Закіпяціце падсоленую ваду ў вялікім рондалі, дадайце будучыя варэнікі і варыце некалькі секунд пасля таго, як яны ўсплывуць на паверхню.
- Даставайце з вады шумоўкай.
Чым разнастаіць?
Салодкія варэнікі падаюць з варэннем, ягадамі і смятанай, салёныя — з падсмажанай цыбуляй і мясам.
Нейтральны варыянт — з паніровачнымі сухарамі. Для гэтага трэба насыпаць на патэльню некалькі сталовых лыжак паніровачных сухароў і, памешваючы, злёгку падсмажыць. Потым дадаць крыху масла і растапіць яго, увесь час памешваючы. Крыху абсмажце і здымайце з агню.
Чытайце яшчэ:
Рэцэпт варэнікаў, незвычайных за кошт свайго цеста