«Вызваленне стала для мяне нечаканасцю». Былы прэс-сакратар Купалаўскага, які нядаўна эвакуяваўся з краіны, расказаў падрабязнасці свайго затрымання
Былы прэс-сакратар Купалаўскага тэатра Мікалай Заяц, якога дапытвалі па справе «аб дзяржаўнай здрадзе», змог выехаць з краіны. Мікалай Заяц расказаў «Нашай Ніве», што было за кратамі і як сустрэўся на Акрэсціна з Заслаўскім-Аўтуховічам.
17.05.2023 / 16:32
Фота: сацсеткі
Затрыманне, «нечаканае вызваленне» і ад’езд
Мікалая Зайца затрымалі 13 сакавіка 2023-га. Пасля вобшуку адвезлі ў Ленінскае РУУС, дзе склалі пратакол аб дробным хуліганстве: нібыта «размахваў рукамі ў будынку РУУС».
«Ужо пазней высветлілася, што ў нашай «палітычнай» камеры ўсе сутыкнуліся з адной і той жа праблемай: чамусьці большасць была схільная неасцярожна махаць рукамі ў будынках РУУС сталіцы — і дырэктары, і выкладчыкі, і адвакаты.
Такі гурток па інтарэсах у нас выйшаў. Нават жартавалі паміж сабой: хлопцы, давайце адзін да аднаго блізка не падыходзіць, бо рукі ў нас доўгія, можам і зачапіць выпадкова», — расказвае ён.
Спачатку Мікалаю прысудзілі 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Да суда мужчына знаходзіўся ў ІЧУ, пасля яго змясцілі ў ЦІП.
«25 сакавіка, калі я павінен быў вызваліцца, на першым паверсе ЦІП мяне ўжо чакалі аператыўнікі. Пасадзілі ў машыну і зноў завезлі ў РУУС. Там зноў высветлілася, што я махаў рукамі: пратакол быў такі ж, як і першым разам, за выключэннем даты і часу. Як небяспечны рэцыдывіст у справе размахвання рукамі, я атрымаў яшчэ 14 сутак арышту», — расказвае ён.
Што было за кратамі?
«Нас, «палітычных», змяшчалі ў камеры, якія былі адметныя асабліва цяжкімі ўмовамі», — кажа Мікалай.
Напрыклад, у яго першай камеры (усяго ён прайшоў праз тры розныя камеры ў ЦІП) колькасць «насельнікаў» складала на максімуме 24 чалавекі. Сама камера была разлічаная толькі на чацвярых.
«Разам з намі адміністрацыйны арышт за нявызначаныя правапарушэнні адбывалі прусакі, клапы, вошы, — жартуе Заяц. — Пасцельныя рэчы «палітычным» не прадугледжваліся, таму ў якасці ложкаў у нас быў толькі металічны каркас, ён з-за функцыянальных асаблівасцей называўся «грыль». Практычна ўвесь тэрмін давялося спаць на падлозе.
У першай «палітычнай» камеры днём нельга было знаходзіцца ў гарызантальным стане, можна было альбо сядзець, альбо стаяць, а ноччу мы павінны былі двойчы (а 2-й і 4-й гадзіне) прачнуцца і падняцца на пераклічку — праз некалькі такіх начэй было адчуванне, што ты амаль не спаў. Асабліва востра гэта адчувалася раніцай», — расказвае ён.
За тэрмін знаходжання на Акрэсціна Мікалай пазнаёміўся з некалькімі дзясяткамі людзей.
«Палітычныя камеры на Акрэсціна — гэта месцы, дзе сёння гуртуецца беларуская інтэлігенцыя. Было шмат цікавых людзей, мы шмат размаўлялі на тэмы культуры, гісторыі, рэлігіі. Сярод вядомых сукамернікаў быў Арцём Сям’янаў, адвакат Паўла Белавуса.
Таксама разам з намі ў апошняй камеры быў Сяргей Заслаўскі. Ён пазіцыянаваў сябе як чалавека, які падтрымлівае ўладу. Але было заўважна, што ён добра разбіраецца і ў турэмных правілах і звычаях.
Аднойчы да нас у камеру зайшоў «новенькі». Пасля знаёмства мы запыталіся ў яго пра навіны на волі. У шэрагу асноўных навін ён адзначыў, што тут, на Акрэсціна, «нон-стоп сядзіць прэсавы сакратар Купалаўскага тэатра і пра гэта цяпер пішуць». Я ўсміхнуўся і павітаўся з хлопцам: так я даведаўся, што інфармацыя аб маім затрыманні ёсць на волі. Складана адказаць, ці паўплывала гэта на зняволенне, бо больш я пра такое не чуў, аднак не думаў, што будзе такая хваля падтрымкі, у тым ліку ад журналістаў. Шчыры дзякуй вам за гэта, шаноўныя калегі», — кажа ён.
З Мікалая Зайца ўзялі падпіску аб неразгалошванні, таму расказваць аб працэсуальных дзеяннях мужчына не можа.
«Канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэкса называць не магу. Але справа, вядома, палітычная», — тлумачыць ён.
Фота: сацсеткі
Вызваленне для Мікалая было нечаканым.
«На жаль, цяпер такая практыка, што «палітычных» могуць «закрываць» неаднаразова. У адной камеры са мной знаходзіўся хлопец, якога закрывалі чатыры разы запар. Ведаю, што гэта не мяжа, былі і тыя, якія знаходзіліся ў зняволенні яшчэ больш.
Умоваў вызвалення не было, хаця мне намякалі, што я магу знаходзіцца ў няволі яшчэ доўга. Таму агулам для мяне вызваленне было нечаканасцю», — расказвае Мікалай.
Пасля гэтага Мікалай вырашыў з’ехаць з краіны.
«Лагістычна гэта быў вельмі складаны працэс, пра які ў Беларусі не ведаў ніхто. Расказваць падрабязнасці будзе не вельмі карэктна, бо «маршрут» можа яшчэ спатрэбіцца людзям у Беларусі», — кажа ён.
Праца ў Купалаўскім і звальненне з яго
У сакавіку 2021-га Мікалая Зайца звальнялі з пасады прэс-сакратара Купалаўскага тэатра з такой фармулёўкай: «у сувязі з прыёмам на працу работніка, для якога гэта праца будзе асноўнай».
«У тэатр я прыйшоў у якасці сумяшчальніка, да выбараў разглядалася пытанне, каб тэатр стаў маім асноўным месцам працы, але выбарныя падзеі сарвалі працэс афармлення дакументаў, — тлумачыць ён. — У канцы жніўня 2020 года нас адправілі ў прастой, з якога я ўжо не выходзіў да звальнення. Праўда, перад звальненнем новае кіраўніцтва тэатра паведаміла мне, што з прастою мяне вывелі, аднак насамрэч, як высветлілася пазней, такога рашэння прынята не было.
З новым кіраўніцтвам я не меў зносін: першы і апошні раз размаўляў акурат падчас майго звальнення. Былыя калегі, якія засталіся ў тэатры, тады казалі, што рашэнне па мне «непрынцыповае» і можна «папрасіцца». Але жадання працаваць у напалову разбураным тэатры не было, бо фактычна не было тэатральна калектыву — таго складніка, дзеля якога звычайна і прыходзяць працаваць у тэатр».
Пра падзеі, якія адбываліся ў тэатры пры новым кіраўніцтве, Мікалай даведваўся з навін.
«Бо працягваў знаходзіцца ў прастоі і фармальна ўжо не працаваў у тэатры, — тлумачыць ён. — Восенню ў тэатры праходзілі гастролі: ансамбль «Харошкі», аркестр Фінберга, хор імя Цітовіча і ансамбль «Галасы ЗМеста». У лютым Купалаўскі тэатр наведаў Аляксандр Лукашэнка. Адбываліся шматразовыя кастынгі акцёраў. Пра іх я даведаўся з навін».
Яшчэ да затрымання Мікалай планаваў заставацца ў Мінску.
«Займаўся дабрачыннасцю і сваім хобі — генеалогіяй. Затрымання я не чакаў, хоць і была ў паветры нейкая напружанасць», — падсумоўвае ён.
Чытайце таксама:
Былы прэс-сакратар Купалаўскага тэатра Мікалай Заяц выйшаў на волю і з'ехаў з Беларусі
BYPOL раскрыў механізм правакацыі супраць Дашкевіча і Лобава ў 2010 годзе