«Гэтая сітуацыя можа пагражаць мне поўным п***цом». Доктарка шклоўскай калоніі, дзе памёр Ашурак, у паніцы хацела звольніцца

«Альянс расследавальнікаў Беларусі» апублікаваў аўдыязапіс, у якім адна з доктарак, што працавала ў шклоўскай калоніі ў час смерці Вітольда Ашурка, пасля здарэння моліць свайго знаёмага перавесці яе на новае месца службы. Але былыя палітвязні паведамілі «Нашай Ніве», што жанчына можа ўсё яшчэ працаваць у ПК-17.

23.05.2023 / 19:13

Дабрадзеравец Наталля Іванаўна, начальніца медыцынскай часці папраўчай установы ПК-17 у Шклове. Калаж: «Наша Ніва»

У публікацыі «Альянсу расследавальнікаў Беларусі» ад 21 мая фігуруе інфармацыя, што начальніца медыцынскай часці ПК-17 Наталля Дабрадзеравец праз амаль 40 дзён пасля забойства Вітольда Ашурка тэлефануе палкоўніку міліцыі Аляксандру Казлову, галоўнаму санітарнаму доктару Дэпартамента фінансаў і тылу МУС, з просьбай тэрмінова перавесці яе са Шклова на іншае месца службы.

Згодна са злітым у сеціва запісам тэлефоннага званка паміж Дабрадзеравец і Казловым, такая спешнасць тлумачыцца «здарэннем са смерцю палітвязня, што з'яўляецца простай недарэчнасцю, але можа абярнуцца поўным п***цом».

«У мяне тут на працы нешта незразумелае. Тут неяк усё не складваецца, усё здарылася знянацку. Сітуацыя становіцца настолькі складанай, што нам з Сяргеем, хутчэй за ўсё, давядзецца сысці».

Гаворка, напэўна, ідзе пра Сяргея Карчэўскага — супрацоўніка ПК-17, якога называюць саўдзельнікам здзекаў з палітвязняў, у тым ліку і з Вітольда Ашурка.

«Па сутнасці, адбылася сапраўдная недарэчнасць, аднак гэтая сітуацыя можа пагражаць мне поўным п***цом, калі я застануся, — працягвае яна. — Дый не факт, што мяне адпусцяць, Шклоў — такі аб'ект, што хрэн адпусцяць. У нас якраз ідзе праверка па гэтым палітвязні, і я вельмі спадзяюся, што ўсё ў выніку атрымаецца загладзіць», — кажа Наталля Дабрадзеравец свайму знаёмаму палкоўніку міліцыі Аляксандру Казлову.

Сяргей Карчэўскі — начальнік рэжымнай часці ПК-17 у Шклове. На фота ён, Наталля Дабрадзеравец і іншыя супрацоўнікі калоніі стаяць побач з Вітольдам Ашуркам, які, знясілены, ляжыць на падлозе. Скрыншот з відэа «Альянсу расследавальнікаў Беларусі»

Пры гэтым, паводле поўнага запісу, начальніцу медчасці шклоўскай калоніі вельмі спужала не віна за смерць невінаватага чалавека, а тое, што яна разам з Сяргеем Карчэўскім «падставіла» начальніка ПК-17, які ў адплату за гэта можа «значна пагоршыць іх умовы існавання».

У выніку, як сцвярджае «Альянс расследавальнікаў Беларусі», Наталля Дабрадзеравец неўзабаве змагла звольніцца, але гэтую інфармацыю не пацвярджаюць былыя палітвязні, якія адбывалі свой тэрмін у калоніі Шклова.

Некалькі з іх звязаліся з «Нашай Нівай» і паведамілі, што як мінімум на пачатак 2023 года начальніца медчасці яшчэ працавала ў ПК-17.

Таксама яны расказалі, што звычайна Наталля Дабрадзеравец перасоўваецца па калоніі толькі ў суправаджэнні Сяргея Карчэўскага, а cама яна «стала вельмі палахлівай у прысутнасці асуджаных».

«Гэтая начмед бярэ непасрэдны ўдзел у камісіі па пакаранні асуджаных, якая рэгулярна беспадстаўна адпраўляе палітычных у ШІЗА», — дзеляцца былыя палітвязні.

Нагадаем, што раней былыя палітвязні таксама дзяліліся падрабязнасцямі пра Вітольда Ашурка і магчымыя абставіны яго гібелі ці забойства. 

Інфармацыя ад былых палітвязняў пра Вітольда Ашурка:

Нядаўна ў адной з беларускіх калоній загінуў яшчэ адзін палітвязень Мікалай Клімовіч, у якога былі сур'ёзныя праблемы з сэрцам. Абставіны яго гібелі да гэтага часу застаюцца невядомымі.

Палітвязняў утрымліваюць ва ўмовах, роўных катаванню. На Акрэсціна іх утрымліваюць па 25 чалавек у камерах, разлічаных на шасцярых. У калоніях іх беспадстаўна змяшчаюць у ШІЗА, збіваюць, пазбаўляюць перадач, знішчаюць выходную і ўваходную карэспандэнцыю, прызнаюць схільнымі да экстрэмізму. Маюць месца здзекі па нацыянальнай прыкмеце — беларускамоўных вязняў прымушаюць размаўляць і перапісвацца па-руску. Сувязі з некаторымі вязнямі няма месяцамі.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя базавыя нормы законнасці і маралі. 

Чытайце таксама:

«Мяне пасадзілі, бо я казаў праўду». Што Вітольд Ашурак напісаў у апошнім лісце да мамы

Колькі палітвязняў памерла ці звяло рахункі з жыццём праз невыносныя ўмовы за кратамі

Былыя зняволеныя заклікаюць закрыць грузавы рух на межах Беларусі, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні

Марк Рыхтэр