«Далі спіс артыкулаў, выкраслілі ўсе, што меней за шэсць год, і сказалі выбіраць». Як фігурант «справы Аўтуховіча» сядзеў у камеры смяротнікаў
Павел Разановіч асуджаны па «справе Аўтуховіча». Ён атрымаў 19 год пазбаўлення волі. Былы палітвязень, які сядзеў з ім у СІЗА, распавёў у інтэрв'ю «Нашай Ніве», што адбывалася з Паўлам за кратамі.
22.05.2023 / 11:07
Павел Разановіч. Фота: grodnonews.by
Паўла Разановіча затрымалі разам з бацькамі — праваслаўным святаром Сяргеем Разановічам і Любоўю Разановіч.
Пружанец Алег Кулеша сядзеў у «камеры смяротнікаў» разам з Паўлам у СІЗА №7.
«Спачатку мяне адправілі ў «космас» (вандроўку па ўсім СІЗА). Некалькі дзён жыў у адной «хаце», пасля пераводзілі ў іншую, затым зноў перакідалі. Трапіў у «камеру смяротнікаў», дзе сустрэў Паўла Разановіча, вельмі моцнага і годнага чалавека.
«Космас» для мяне быў не зусім звычайны: з-за таго, што я беларускамоўны, мяне заткнулі ў «хату», дзе сядзеў «нізкі сацыяльны статус». Адразу здагадаўся, куды трапіў, дзесьці дзве гадзіны біў у дзверы, мяне вывялі і перавялі ў «камеру смяротнікаў», — кажа Алег.
Разановічы — бацька і сын — сядзелі насупраць адзін аднаго ў розных камерах.
Побач з «хатай», у якой былі Алег і Павел, знаходзіўся пакой, дзе былі оперы.
«Маці Паўла выводзілі да операў, праз маральны ціск яе даводзілі да шаленства, яна пачынала лямантаваць на ўсё СІЗА, здараліся істэрыкі.
Павел пачынаў нагамі лупіць у «тармазы» (дзверы), яго адразу змяшчалі ў карцар на некалькі дзён. Праз нейкі час гэта гісторыя паўтаралася зноў. Маці яшчэ наўмысна вадзілі ўздоўж дзвярэй, каб бацьку з сынам такім чынам катаваць», — расказвае ён.
Пружанец Алег Кулеша. Фота: «Наша Ніва»
У «камеры смяротнікаў» Алег правёў каля месяца. Там вязні ўвесь час знаходзіліся пад наглядам.
«Нават калі ты на «нужніку» сядзіш, на цябе глядзіць «вока», — успамінае ён.
Павел Разановіч расказваў, як яго вазілі на допыт у КДБ.
«Там вісіць у іх нават партрэт не Лукашэнкі, а Пуціна, расійскія сцягі. А Павел запытаўся: дзе вашы сцягі? З нейкай палічкі дасталі маленькі, паставілі часова», — пераказвае тую размову Алег.
Разановічу далі спіс артыкулаў і сказалі выбіраць.
«Ён спачатку абраў 342, як у мяне, але кадэбэшнік сказаў, што гэты не каціць, павыкрэсліваў усе, што меней за шэсць год.
Цікавы факт: Павел скончыў Берасцейскі ўніверсітэт, юрыдычны факультэт, а чалавек, які ўзначальвае СІЗА, быў у яго выкладчыкам. Лічыў Паўла найлепшым студэнтам, а пасля катаваў.
Быў выпадак, калі Павел пісаў скаргу і ўсе палітычныя пагадзіліся яе падпісаць, што яны будуць сведчыць аб тым, што адбываюцца катаванні. Прыйшла «хазяйка» (начальнік СІЗА), пытаецца, ці падпісаў нехта з «нармальнымі» артыкуламі, ці ўсе палітычныя. А мы кажам, што ў нас толькі адзін чалавек з «нармальных» — забойца. На гэтым усё скончылася».
Чытайце гутарку цалкам: