У ГУР Украіны пракаментавалі падзеі ў Белгародскай вобласці Расіі

Мэтай аперацыі прадстаўнік вайсковай разведкі Андрэй Юсаў назваў «стварэнне паласы бяспекі для абароны цывільных украінцаў».

22.05.2023 / 15:28

«Падзеі ў Белгародскай вобласці і іншых прымежных тэрыторыях — следства поўнамаштабнага ўварвання і агрэсіўнай вайны пуцінскай Расіі супраць Украіны. Так, адказнасць за гэтыя падзеі ўзялі на сябе грамадзяне РФ, а менавіта сілы РДК і легіёна «Свабода Расіі». Я думаю, што мы ўсе толькі можам павітаць рашучыя дзеянні апазіцыйна настроеных грамадзян Расіі, якія гатовыя да ўзброенай барацьбы са злачынным рэжымам Пуціна», — цытуе прадстаўніка ГУР «Громадське».

Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў пацвердзіў у тэлеграм-канале, што на тэрыторыю вобласці зайшлі дыверсанты. 

Легіён «Свабода Расіі» і Рускі добраахвотніцкі корпус заявілі, што «вызвалілі» населены пункт Казінка Белгародскай вобласці. Таксама паведамлялася пра ўваход «перадавых атрадаў» у горад Грайваран.

Расійскі паблік SHOT паведамляў пра нібыта «жорсткі бой з украінскай ДРГ» на мяжы Белгародскай вобласці каля вёскі Дронаўка. 

«З абодвух бакоў прыцягнута вайсковая тэхніка, у небе заўважана некалькі дронаў. Працуе СПА», — пісаў канал.

Nashaniva.com